Уладзімір Пуцін: Інтэграцыя Расеі з Беларуссю працягваецца


Пра гэта прэм’ер-міністр Расейскай Федэрацыі заявіў у панядзелак падчас сустрэчы з моладдзю на форуме «Селігер-2011» (Цвярская вобласць Расеі).

Як паведамляе «РИА Новости», прэм’ер-міністру задалі пытанне, ці могуць Расея і Беларусь зрабіцца адным цэлым, так як гэта было ў часы Савецкага Саюзу.

«Гэта магчыма, вельмі пажадана і цалкам залежыць – на 100 % залежыць – ад волевыяўлення беларускага народу», – заявіў Пуцін.

У адказ малады чалавек, прадстаўнік Беларусі, запэўніў, што народ гэтага хоча, паведамляе «РИА Новости». «Тады змагайцеся за гэта», – сказаў Уладзімір Пуцін.

Ён зазначыў, што ў Беларусі ёсць розныя падыходы да інтэграцыйных працэсаў і важна, каб голас у абарону інтэграцыі быў пачуты.

«Але пры ўсіх цяжкасцях, якія ўзнікаюць час ад часу, скажам, у сферы эканомікі, у энергетыцы, з газам мы спрачаемся, трэба аддаць належнае сённяшняму кіраўніцтву рэспублікі і Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, які паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расеяй», – падкрэсліў Пуцін.

belsat.eu

Стужка навінаў