41 бал па кітайскай мове на ЦТ метадам «тыку»? Элементарна!


Здаць кітайскую на цэнтралізаваным тэставанні, нават не ведаючы мову, цяпер можна лёгка, дзякуючы новай сістэме падліку вынікаў.

З усіх магчымых метадаў «тыку», калі выбіраецца адказ наўгад, мы абралі тэхніку зігзагу – і атрымалі 41 бал.

Мы абіралі адказы наўгад метадам зігзагу. І перамаглі
Вынік тэсту – 41 бал

2 ліпеня кіраўнік праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі апублікаваў вынікі сапраўднага тэсту па кітайскай мове, які ён здаваў, ведаючы па-кітайску два словы.

«Я здаў кітайскі на 34! Твой выхад, РІКЗ», – напісаў Альшэўскі.

Раней Альшэўскі «натыкаў» у тэстах па расейскай і матэматыцы адпаведна 25 і 49 балаў.

Сёлета беларускія выпускнікі здаюць ЦТ паводле новай сістэмы падліку балаў, якую ўвосень 2018-га зацвердзіла Міністэрства адукацыі.

Як распавёў «Белсату» педагог і рэпетытар па фізіцы ды матэматыцы Яўген Лівянт, папярэдняя сістэма дакладна адлюстроўвала ўзровень падрыхтаванасці школьнікаў. Цяпер можна будзе паступіць, нічога не ведаючы.

«Раней было так: чым прасцейшыя задачы, тым менш балаў. Цяпер усе заданні часткі А каштуюць аднолькава. Тое самае ў частцы Б, што ўжо само па сабе несправядліва. Па-другое, міфічная табліца пераліку, якой не было. Напрыклад, калі вучань набраў 1 бал, то бок вырашыў самую простую задачу ў частцы «А», ён набірае 9 балаў са 100. Дзве задачы – 18.Гэтага дастаткова, каб паступаць у ВНУ, бо найніжэйшая мяжа – 15», – кажа Лівянт.

Паводле тэорыі імавернасцяў, кожны мае шанец адгадаць на прахадны бал, дадае Лівянт.

Калі Альшэўскі і Лівянт спрабавалі давесці Міністэрству адукацыі няслушнасць зменаў у сістэме падліку вынікаў, чыноўнікі адказалі, што праблемы не бачаць.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў