Ахвяраў трагедыі ў Пінску – ужо 14


Сёння раніцай 14-ты пацярпелы памёр у апёкавым цэнтры ў Менску.

На гэты момант пад пільным наглядам медыкаў застаюцца шэсць чалавек. Тры – у Рэспубліканскім апёкавым цэнтры, з якіх адзін – у рэанімацыі. Яшчэ тры пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы.

Стан усіх пацыентаў медыкі ацэньваюць як стабільна цяжкі. Яны прытомныя, аднак падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Нагадаем, што пажар на заводзе „Пінскдрэў-ДСП” адбыўся 25 кастрычніка. Магчымая прычына – выбух драўнянага пылу з-за парушэння правілаў эксплуатацыі абсталявання.

Па факце выбуху пракуратура Брэсцкай вобласці распачала крымінальную справу. Паводле распараджэння дзяржсакратара Савета бяспекі Леаніда Мальцава створана камісія па расследаванні прычын здарэння, якая 15 лістапада павінна прадставіць Савету бяспекі інфармацыю пра вынікі расследавання.

Тым часам кіраўніцтва кампаніі „Пінскдрэў” стварыла уласную камісію па расследаванні прычын трагедыі . Як паведамляе афіцыйны вэб-сайт кампаніі, прычынай аварыі мог паслужыць чалавечы фактар у перыяд, калі абсталяванне знаходзілася на рамонце.

belsat.eu

Стужка навінаў