Подпісы здалі 11 прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва


Адзінаццаць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі здалі ў тэрытарыяльныя камісіі больш за 100 тысяч подпісаў выбарнікаў.

Як паведаміў БелаПАНу сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, найбольшую колькасць подпісаў – дзеля вылучэння кандыдатам на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі – больш як 1,1 мільёна. Ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева перадала ў тэрытарыяльныя камісіі прыкладна 160 тысячаў подпісаў, Андрэя Саннікава – каля 150 тысячаў, для падтрымання астатніх прэтэндэнтаў — ад 105 да 120 тысячаў.

“Здалі вельмі шмат подпісаў. Праверка пакажа, наколькі добрасумленна працавалі ініцыятыўныя групы”, – заявіў сакратар ЦВК.

Мікалай Лазавік таксама распавёў аб выпадках фальсіфікацыі подпісаў выбарнікаў. Паводле ягоных словаў, некаторыя чальцы тэрытарыяльных камісіяў паведамлялі, што знаходзілі свае прозвішчы ў падпісных лістах, хоць і не ставілі подпісаў дзеля падтрымання пэўнага прэтэндэнта.

“Магчыма, ініцыятыўныя групы некаторых прэтэндэнтаў працавалі не з выбарнікамі, а з базамі звестак – напрыклад, тэлефоннымі даведнікамі, спісамі ЖЭСаў, паліклінік”, – выказаў меркаванне Лазавік.

Як паведамлялася раней, Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 17 ініцыятыўных групаў, аднак Сяргей Гайдукевіч, Сяргей Рыжоў і Юрый Глушакоў напісалі ў ЦВК афіцыйныя заявы аб адмове ад удзелу ў выбарах.

Яшчэ тры прэтэндэнты: Пётр Барысаў, Сяргей Іваноў і Іван Кулікоў – не здалі подпісаў у тэрытарыяльныя камісіі.

Такім чынам, на гэты момант у кампаніі ўдзельнічаюць 11 чалавек:

– намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў;

– дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка;

– кіраўнік саюзу “За мадэрнізацыю” Алесь Міхалевіч;

– лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў;

– індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі;

– намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук;

– сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі;

– лідар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў;

– лідар аргкамітэту стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч;

– эканаміст Віктар Цярэшчанка;

– дырэктар Таварыства з дадатковай адказнасцю “Трывіюм” Дзмітрый Ус.

Паводле Выбарчага кодэксу, сапраўднасць сабраных подпісаў тэрытарыяльныя камісіі мусяць праверыць за 10 дзён.

belsat.eu

Стужка навінаў