40-вы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 40-га дня супрацьстаяння паміж уладамі і беларускім грамадствам.

Пратэсты і рэпрэсіі

Вулічная актыўнасць 17 верасня была невысокая. Лакальныя нешматлікія акцыі салідарнасці былі заўважаныя на праспекце Пераможцаў, у Зялёным лузе, Лебядзіным, Чыжоўцы, ва Ўруччы ды іншых кропках гораду.

Праходзілі і больш крэатыўныя акцыі. Напрыклад, на станцыі метро «Кастрычніцкая» людзі ў масках пандаў спявалі «Муры» і «Сцяг».

А ў Горадні дзяўчаты ў вясельных сукенках правялі невялікі перформанс з выкарыстаннем бел-чырвона-белых колераў.

Не абышлося без затрыманняў: сёння людзей затрымлівалі ў Лебядзіным, ва Ўруччы і на праспекце Пераможцаў.

17 верасня ў Беларусі таксама павялічылася колькасць палітзняволеных. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ 12 чалавек, якім выставілі абвінавачванне паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя закалоты) за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах. Агулам, па стане на 17 верасня, ужо 70 палітвязняў.

Hавiны
Генпракуратура абяцае прыцягнуць да адказнасці тых, хто не працаваў 16 верасня
2020.09.17 17:14

Працягваўся пераслед журналістаў у адміністратыўным парадку. Суд Навабеліцкага раёну Гомля пакараў журналіста «Белсату» Яўгена Меркіса 15 соднямі адміністратыўнага арышту нібыта за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Hавiны
Рэпартаж з рукамі за спіною. Як журналістка «Белсату» правяла тры дні на Акрэсціна
2020.09.17 19:13

Лукашэнка закрывае мяжу і палохае вайной

У «Менск-арэне» ўлады зладзілі жаночы форум у падтрыманне Лукашэнкі і канцэрт. Удзельніц звазілі аўтобусамі з рэгіёнаў.

Канцэрт для беларускіх жанчын
Аўтобусы каля «Менск-арэны», на якіх прывезлі гледачоў канцэрту для беларускіх жанчын. Менск, Беларусь. 17 верасня 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu / vot-tak.tv

Напрыканцы мерапрыемства на сцэне «Менск-Арэны» з’явіўся сам Лукашэнка. Ён абвесціў пра пагрозу вайны і пра сваё рашэнне закрыць мяжу з Польшчай і Літвой.

«Мы вымушаны адвесці войскі з вуліц, палову арміі паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную мяжу з захаду – з Літвой і Польшчай. Мы вымушаны ўзмацніць дзяржаўную мяжу, на вялікі жаль, з нашай брацкай Украінай», – заявіў ён.

Канцэрт для беларускіх жанчын
Каля «Менск-арэны» перад праўладным канцэртам для жанчын. Менск, Беларусь. 17 верасня 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu / vot-tak.tv

Лукашэнка заявіў, што ён «не агрэсар» і не хоча вайны, але вымушаны ў апошнія дні «разам з прэзідэнтам Расеі і міністрам абароны адбудаваць агульную абарону Саюзнай дзяржавы». «Хачу звярнуцца да народаў Літвы, Польшчы і Украіны: спыніце сваіх вар’ятаў палітыкаў, не дайце развязаць вайну!» – заявіў ён.

Канцэрт для беларускіх жанчын
Аўтобусы каля «Менск-арэны», на якіх прывезлі гледачоў канцэрту для беларускіх жанчын. Менск, Беларусь. 17 верасня 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu / vot-tak.tv

Паводле Лукашэнкі, цяпер нельга давесці сітуацыю «да гарачай вайны».

«Я толькі што сказаў: у іх арсенале засталося зусім няшмат прыёмаў. І мы стаім на мяжы страшнай катастрофы. Калі яны сунуцца сюды, мы вымушаны будзем адказваць. Мы не станем на калені. Нават калі застанемся адныя», – сказаў ён.

Еўрапарламент прызнаў Каардынацыйную раду

Дэпутаты Еўрапарламента 17 верасня прынялі рэзалюцыю наконт сітуацыі Беларусі, у якой асудзілі гвалт і рэпрэсіі ў краіне, а таксама пацвердзілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

У дакуменце падкрэсліваецца, што пасля сканчэння тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Еўрапарламент не будзе лічыць яго прэзідэнтам Беларусі. Адначасова Еўрапарламент прызнае Каардынацыйную раду «часовым прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных зменаў у Беларусі».

Акрамя таго, дэпутаты рэкамендавалі Еўракамісіі павялічыць фінансаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі, не пералічваць грошы дзяржаўным структурам, не даваць крэдыты ўладам Беларусі з боку Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банку.

Hавiны
Еўрапарламент прызнаў Каардынацыйную раду «часовым прадстаўніком» беларускага народу
2020.09.17 16:53

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў