Подпісы за Рымашэўскага пабылі пад арыштам


У Берасці на некалькі гадзінаў затрымалі рэгіянальнага кіраўніка перадвыбарнага штабу Віталя Рымашэўскага Змітра Шурхая. Актывіст вяртаўся ў горад пасля здачы подпісаў у рэгіёнах Берасцейшчыны, а ў ягоным аўце былі падпісныя лісты амаль з сямю тысячамі подпісаў за кандыдата ад БХД.

Машыну актывіста на ўездзе ў Берасце спынілі працаўнікі ДАІ. Змітра Шурхая абвінавацілі ў тым, што ягоныя правы кіроўцы падробленыя, і даставілі ў РАУС Маскоўскага раёну.

Як паведаміў Павал Севярынец, Змітра Шурхая пратрымалі ў (в)аддзяленні амаль чатыры гадзіны. На актывіста склалі пратакол за нецэнзурную лаянку і супраціў працаўнікам ДАІ. Падпісваць паперу Шурхай адмовіўся.

На волі Зміцер апынуўся толькі пасля ўмяшання начальніка Маскоўскага РАУС, які загадаў сваім падначаленым пратаколу не складаць і адпусціць Шурхая.

Як мяркуе Павал Севярынец, міліцыянтам трэба былі не подпісы, а сам Зміцер Шурхай. “Міліцыя Берасця рыхтавалася да прыезду Лукашэнкі, таму быў адданы загад затрымаць усіх палітычна нядобранадзейных”, – патлумачыў Павал Севярынец.

Палітык кажа, што калі кіраўнік Маскоўскага РАУС даведаўся, што ягоныя падначаленыя затрымалі ўдзельніка выбарчай кампаніі, то аддаў загад вызваліць актывіста, каб не было скандалу.

belsat.eu

Стужка навінаў