Уладзімір Някляеў: Я буду прарывацца на Усебеларускі сход


Сход ёсць нелегітымным, але гэта не азначае, што ён выпадае з рэальнай палітыкі, кажа прэтэндэнт на прэзідэнцтва.

Чатыры гады таму на Усебеларускі народны сход спрабаваў прарвацца экс-кандыдат на прэзідэнцтва Аляксандр Казулін. Гісторыя закончылася збіццём, затрыманнем і прысудам.

Усебеларускі народны сход адбудзецца 6–7 снежня. Дэлегатам на яго Някляева вылучылі 27 тыс. чалавек. Яго падтрымалі жыхары Ленінскага раёну Менску, якім надакучыла ваяваць з камунальнікамі, каб у доме зрабілі капітальны рамонт, добраўпарадкавалі падворкі ды пабудавалі паркоўкі.

Аднак для ўдзелу ў сходзе трэба прайсці больш складаную працэдуру – дзяржаўнае вылучэнне. Пакуль Някляеў пачуў ад уладаў, што абмяркоўваць праблемы такога ўзроўню трэба па месцы жыхарства.

Аднак Уладзімір Някляеў упэўнены, што людзі, якія змагаюцца з дробнымі праблемамі, гатовыя ўзнімаць і праблемы ўсёй краіны: “Яны гавораць цяпер пра свой двор, але думаюць пра большае, па іх тварах відаць, па іх словах. Кампанія гэтых прэзідэнцкіх выбараў адрозніваецца тым, што людзі хочуць сказаць і хочуць нешта зрабіць”.

Фармальна тэма сёлетняга, IV Усебеларускага народнага сходу будзе традыцыйная: удзельнікі абмяркуюць эканамічную праграму развіцця на наступнае пяцігоддзе. Але ніводзін з папярэдніх сходаў не абыходзіўся без выступу Аляксандра Лукашэнкі. А таму імпрэза нагадвае галоўную трыбуну дзейснага кіраўніка дзяржавы напярэдадні выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў