Павысілі стаўку рэфінансавання


З 13 ліпеня стаўка рэфінансавання ў Беларусі складае 20 % гадавых. Гэта азначае, што і крэдыты ў беларускіх рублях стануць даражэйшыя.

Рашэнне падвысіць стаўку рэфінансавання на 2 % прынятае Нацыянальным банкам “у межах правядзення паслядоўнай адсоткавай палітыкі, скіраванай на паступовае павышэнне агульнага ўзроўню адсоткавых ставак у эканоміцы для садзейнічання абмежаванню інфляцыі ды стымулявання ашчадных працэсаў у краіне”.

“Паслядоўнае павышэнне адсоткавых ставак будзе спрыяць узмацненню прывабнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацыяў у банках, умацаванню курсу нацыянальнай валюты і тым самым – росту даверу да яе з боку ўсіх эканамічных агентаў”, – гаворыцца ў паведамленні Нацбанку.

Пры гэтым у галоўным банку краіны звяртаюць увагу на тое, што “паступовасць павышэння стаўкі дазваляе ўлічваць інтарэсы пазычальнікаў, якія ўжо маюць крэдытную запазычанасць перад банкамі”.

Гэта ўжо шостае з пачатку 2011 г. павышэнне стаўкі рэфінансавання. Раней стаўка павялічвалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12 %), 20 красавіка (да 13 %), 18 траўня (да 14 %), 1 чэрвеня (да 16 %) і 22 чэрвеня (да 18 % гадавых).

Між тым асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 г. прадугледжанае зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10 % гадавых.

belsat.eu

Стужка навінаў