Наша Ніва пакуль бяспечная


Журналісты каментуюць рашэнне суда

Андрэй Скурко, галоўны рэдактар “Нашай Нівы”: “Для нас гэта было абсалютны сюрпрызам. Мы не чакалі такога рашэння Міністэрства інфармацыі. Разам з адвакатам рыхтаваліся да сур’ёзнага паседжання. Я мяркую, што на міністэрства паўплываў “ціск” чытачоў і грамадскіх дзеячаў Беларусі. Мы мелі з сабою каля 150 копіяў такіх зваротаў, у Міністэрства інфармацыі іх было даслана значна больш. Я спадзяюся, што здаровы сэнс перамог у гэтай справе. Немагчыма закрываць выданні паводле такіх надуманых прычынаў. Але што будзе далей – прагназаваць складана. Рэдакцыя працуе ў звыклым рэжыме. Але пасля 19 снежня ўсе мы ў моцным напружанні, бо вынесена столькі папярэджанняў – надуманых і нелагічных”.

Андрэй Бастунец, юрыст і намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў: “Міністэрства інфармацыі выконвае дзяржаўную палітыку ў галіне медыяў. Спадзяемся, што гэта сведчыць пра змену гэтай палітыкі. Чакаем, што заўтрашні працэс над “Народнаю Воляю” завершыцца гэтак сама добра, але трэба быць пільнымі – можа здарыцца і наадварот”.

Жана Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў: “Гэта выдатная навіна не толькі для нашых калегаў-журналістаў, але і для тысячаў чытачоў. Згубіць сваё выданне было б для іх вялікаю стратаю. Не будзем забывацца, што друкаваных незалежных аналітычных выданняў і так вельмі мала ў Беларусі цяпер”.

Ягор Марціновіч, журналіст“Нашай Нівы”: “Увесь гэты час рэдакцыя працавала ў звыклым рэжыме. Мы сёння з калегамі абмяркоўвалі, якім будзе рашэнне: штраф або часовае прыпыненне выдання. Для нас сёння сапраўды шчаслівы дзень, таму мы зараз адпраўляемся ў рэдакцыю – праца выдання не спынялася нават падчас судовага паседжання”.

Міністэрства інфармацыі адклікала свой іск аб закрыцці газеты “Наша ніва” з Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС).

Іск аб спыненні выпуску “Нашай нівы” быў пададзены Менінфармам на падставе артыкула 51 закона “Аб сродках масавай інфармацыі” — па прычыне вынясення рэдакцыі на працягу года больш як двух пісьмовых папярэджанняў.

Два папярэджанні “Наша ніва” атрымала за публікацыі, звязаныя з расійскім фільмам “Хросны бацька” (пра беларускія ўлады), а трэцяе, вынесенае 14 красавіка, — у сувязі з асвятленнем тэракта ў мінскім метро.

11 мая ВГС прыпыніў вытворчасць па іску Менінфарма аб закрыцці газеты ў сувязі з тым, што выданне абскардзіла папярэджанне міністэрства. Пасяджэнне касацыйнай калегіі ВГС па разглядзе скаргі “Нашай нівы” павінна было адбыцца 26 ліпеня.

9 ліпеня стала вядома пра тое аб чарговым папярэджанні ў адрас газэты. Прычынай для яго паслужыла адсутнасць падпіснога індэкса ў нумары за 1 чэрвеня 2011 года.

На судовых слуханнях, што аднавіліся сёння, прадстаўнік істца нечакана адклікаў заяву аб спыненні выпуску газеты, нічым гэта не матывуючы. Суд пад старшынствам Віктара Курылы хадайніцтва задаволіў.

belsat.eu

Стужка навінаў