Уладзімір Някляеў: Расея мусіць скупляць тое, што акрамя яе нікому не трэба


Прэтэндэнт на прэзідэнцтва не выключае прыватызацыі беларускага нафтавага комплексу.

Пра гэта Уладзімір Някляеў заявіў падчас сённяшняй прэзентацыі сваёй вонкавапалітычнай дактрыны. “Мы не можам выключыць расейскі капітал з такой умовай, хочам мы яго ўспрымаць тут, або не. Ён існуе, і ён такі, які ён ёсць. Трэба проста дакладна вызначыцца, што яму тут рабіць. Для мяне ёсць ясны адказ на гэтае пытанне. Расейскі капітал мусіць скупляць тут тое, што і так, па сутнасці, залежыць ад Расеі. І што, па вялікім рахунку, акрамя Расеі, нікому не трэба”, – адзначыў Някляеў.

У якасці прыкладу ён прывёў нафтаправоды, што, паводле прэтэндэнта, патрабуюць “капітальнага рамонту, на які ў Беларусі няма грошай”. Паводле палітыка, на Захадзе імі можа зацікавіцца толькі спекулянт, які “павыкупляе гэтыя прадуктаправоды і прадасць іх назад Расеі”.

Уладзімір Някляеў упэўнены: калі расейскія кампаніі зробяцца ўласнікамі нафтаперапрацоўчых заводаў, якія працуюць на расейскай сыравіне, з імі можна будзе лягчэй весці перамовы, лягчэй вырашаць пытанні, якія на сённяшні дзень не вырашаюцца.

belsta.eu

Стужка навінаў