Большасць удзельнікаў маўклівага пратэсту пакаралі арыштамі


Паводле звестак праваабаронцаў, у Менску асуджаныя 119 удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту 6 ліпеня. Агулам у сталіцы было затрымана прыкладна 190 чалавек.

Асуджаныя пакараныя адміністратыўнымі арыштамі на тэрмін ад 5 да 15 дзён і штрафамі ад 10 да 30 базавых велічыняў. Астатніх затрыманых адпусцілі без санкцыяў. Звестак пра асуджаных у рэгіёнах у праваабаронцаў пакуль няма.

Раней паведамлялася, што падчас акцыі маўклівага пратэсту вечарам 6 ліпеня ў розных гарадах Беларусі затрымалі каля 400 чалавек – гэта звесткі праваабаронцаў. Афіцыйная інфармацыя пра затрыманых так і не была абнародаваная.

З 8 чэрвеня за час правядзення акцыяў маўклівага пратэсу, арганізаваных інтэрнэт-суполкаю “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, у Беларусі было затрымана каля 1730 чалавек, у тым ліку 77 журналістаў. Паводле звестак РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, 15 чэрвеня затрымалі дзевяць працаўнікоў медыяў, 22 чэрвеня – 8, 29 чэрвеня – 12, а 3 ліпеня – 20. Найбольшая колькасць журналістаў, 28 чалавек, затрыманая падчас апошняй акцыі, 6 ліпеня.

Арганізатары акцыяў маўклівага пратэсту заяўляюць пра намер працягваць іх, нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў.

belsat.eu

Стужка навінаў