«Салідарныя з палітычнымі вязнямі». Адрыян Сэвэрын


Адрыян Сэвэрын, адмысловы дакладчык ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі да беларускіх палітычных вязняў: “Мы выказваем сваю шчырую павагу і салідарнасць з тымі, хто змагаецца за дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства закону ў Беларусі. Гэтыя людзі мусяць быць пэўныя, што іхная перамога наперадзе. Праўда і сапраўдныя каштоўнасці заўсёды вышэйшыя за дыктатуру. Дыктатура не можа існаваць вечна нідзе ў свеце, і гэта відаць у самых розных рэгіёнах, дзе мы не спадзяваліся такой моцнай барацьбы за свабоду. Тое самае адбудзецца рана ці позна ў Беларусі. Тыя, хто сёння на баку праўды ў Беларусі, мусяць працягваць свой супраціў, бо перамога будзе за імі”.

У межах спецыяльнай акцыі тэлебачання «Белсат» больш за 30 вядомых асобаў Беларусі ды свету выступяць з пасланнямі да беларускіх палітычных зняволеных.

Кароткія ролікі будуць паказваць на тэлеканале штодня пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» а 21.25. А таксама пасля паўтораў галоўнага выдання інфармацыйнай праграмы «Белсату» напрыканцы эфіру і раніцай а 7.20. Кліпы таксама будуць размешчаныя на сайце тэлеканалу www.belsat.eu.

Гледачы і прыхільнікі «Белсату» могуць далучыцца да акцыі ды прыслаць свае ролікі са словамі падтрымання беларускіх палітзняволеных на адрас salidarnasc@belsat.eu. Ліст мае ўтрымліваць вашую пісьмовую згоду на бязвыплатнае змяшчэнне відэазвароту на старонцы www.belsat.eu, а таксама ў эфіры тэлеканалу.

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе за палітычныя погляды можна трапіць у турму. Гэтак, 19 снежня падчас мірнай дэманстрацыі арыштавалі каля 700 чалавек. 35 асобаў абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, сярод іх – экс-кандыдаты на прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў