У Магілёве выйшла на волю незалежная журналістка Ганна Ільіна


Ганна Ільіна правяла ў ІЧУ шэсць содняў адміністрацыйнага арышту, да якога яе прыгаварыла суддзя Ленінскага раёну Магілёва Наталля Панасенка, палічыўшы журналістку вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі ды правядзення масавых акцыяў, а таксама ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыянераў.

Ганна не прызнае сябе вінаватай і мае намер абскардзіць судовае рашэнне. У выпадку незадавальнення першай скаргі, яна будзе «скардзіцца далей, прычым … скардзіцца на людзей канкрэтных, у тым ліку на супрацоўнікаў, якія мяне затрымлівалі», паведаміла журналістка.

Гана Ільіна кажа, што ейнае затрыманне больш нагадвала выкраданне, таму яна крычала і клікала на дапамогу.

Што да судовага працэсу, то, паводле журналісткі, яна зразумела, што ёй пагражае штраф або арышт, як толькі ўвайшла ў кабінет суддзі. Як распавядае Ганна, суддзя вяла працэс, не ўзнімаючы вачэй, і глядзела толькі на свае паперы. «Як можа працаваць у судзе чалавек, які, выслухаўшы і мяне, і сведак, і нават сведак з боку абвінавачання, якія запіналіся і не маглі сфармуляваць ясна сваіх думак, вынес такі прысуд?» — задаецца пытаннем журналістка.

Нагадаем, Ганну Ільіну затрымалі 3 ліпеня ў Магілёве падчас акцыі маўклівага пратэсту. Як карэспандэнтка яна выконвала заданне кампаніі «Велком», фатаграфуючы ўсе акцыі, што праходзілі ў той дзень у горадзе.

belsat.eu

Стужка навінаў