Чарговая рэзалюцыя на чарговае аднаўленне дыялогу


На штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі ды супрацы ў Еўропе (ПА АБСЕ) ў Бялградзе ўхвалілі рэзалюцыю аб Беларусі.

Яе праект, скіраваны на “аднаўленне дыялогу” з Менскам, прапанавала для абмеркавання кіраўніца працоўнай групы ў справе Беларусі ПА АБСЕ Ута Цапф (Uta Zapf). Беларусь традыцыйна заклікаюць вызваліць палітычных зняволеных, затрыманых у сувязі з дэманстрацыямі ў снежні 2010 года; дазволіць палітзняволеным кансультавацца з юрыстамі, сустракацца з сем’ямі, атрымліваць медычную дапамогу; дазволіць уезд у краіну незалежным экспертам, прызначаным у межах Маскоўскага механізму; развіваць заканадаўства ў сферы медыяў у адпаведнасці з міжнароднымі забавязальніцтвамі краіны.

Прыняцце гэтай рэзалюцыі абмяжуе, калі не звядзе да нуля, магчымасць дыялогу з Беларуссю, заявіў на сесіі ПА АБСЕ, якая транслявалася праз сайт Асамблеі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі. Паводле меркавання парламентарыя, сітуацыя ў краіне “стабільная і прадказальная”, і ў прыняцці такой рэзалюцыі няма неабходнасці. “Тэкст мае шмат тэндэнцыйных фармулёвак агульнага плану”, – заявіў Гумінскі.

“Рэзалюцыя не запрашэнне да дыялогу і не працягнутая рука”, – заявіла чалец камісіі міжнародных справаў і сувязяў з СНД Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка. Яна назвала дакумент “павярхоўным, упярэджаным і суб’ектыўным”, адзначыўшы, што тэкст “вытрыманы ў духу дыктату і недаверу”.

Літоўская парламентарка Вілія Алякнайце-Абрамікіене (Vilija Aleknaitė-Abramikienė) задала калегам пытанне: “У якой іншай краіне мы сутыкаемся з фактам, што амаль усе кандыдаты на прэзідэнцтва, за выключэннем пераможцы, апынаюцца ў турме?”

Брытанскі парламентарый Тоўні Лойд (Anthony Lloyd) адзначыў, што АБСЕ імкнецца дапамагчы Беларусі прасунуцца да лепшага выканання правоў чалавека, але “рэжым у Менску перашкаджае, і гэта трагедыя для Беларусі”. “Гэта не ўсе вакол Беларусі памыляюцца, гэта прэзідэнт Лукашэнка і ягонае атачэнне памыляецца”, – падкрэсліў Лойд.

belsat.eu

Стужка навінаў