Распродаж для пенсіянераў, інвалідаў і шматдзетных сем’яў


Больш як 130 менскіх крамаў даюць зніжкі ад 2% да 5% гэтым катэгорыям грамадзянаў, паведамляе прэс-служба Менгарвыканкаму.

Каб атрымаць тавар за ніжэйшы кошт, пакупніку неабходна паказаць арыгінал пенсійнага пасведчання, пасведчанне шматдзетнай сям’і ці інваліда. Спіс гандлёвых аб’ектаў апублікаваны на сайце гарвыканкаму (www.minsk.gov.by) у раздзеле “Гэта актуальна”.

Зніжкі прадугледжваюцца на наступныя харчовыя тавары айчыннай і замежнай вытворчасці: безалкагольныя напоі, мінеральная вада, слодыч, гарбата, кава, маянэз, маргарын, масла, мясныя кансервы, кансервы з гародніны, сокі, кілбасныя вырабы (акрамя вараных), вяндліна.

Са зніжкаю можна набыць нехарчовыя тавары айчыннай вытворчасці: вопратку (швейную і трыкатажную), акрамя вырабаў з натуральнага футра і скуры, сподняе (швейнае і трыкатажнае), каптуры, акрамя вырабаў з натуральнага футра і скуры, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, абутак.

Праца дзеля пашырэння пераліку крамаў, якія даюць зніжкі, працягваецца. Інфармацыя пра гэта кожны тыдзень у аўторак будзе размяшчацца на сайце Менгарвыканкаму.

Сталічныя ўлады таксама прынялі рашэнне абмежаваць гандлёвыя надбаўкі на тавары для дзяцей і гародніну: бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю.

belsat.eu

Стужка навінаў