Ільготнае крэдытавання абяцаюць вярнуць


Віцэ-прэм’ер Сяргей Румас называе найбліжэйшыя тэрміны – з гэтага месяца.

На ўчорашняй сустрэчы з працаўнікамі МАЗу чыноўнік паабяцаў, што крэдытаванне на ільготных умовах пачнецца з другога паўгоддзя. Аднак стала вядома, што крэдыты калі і вернуць, то толькі паводле ўжо падпісаных дамовах. Наступнае планаванне будаўніцтва сацыяльнага жылля кардынальна перагледзяць. “У сённяшняй сітуацыі мы ўжо не можам сабе дазволіць будаваць у тым аб’ёме, які раней планаваўся, – заявіў віцэ-прэм’ер. – У шэрагу раённых цэнтраў і асабліва ў сталіцы будзе зменшаны аб’ём датацыяў”.

Улады настойваюць на тым, што мусяць развівацца малыя гарады і вёскі. Менавіта таму крэдыты ад “Белаграпрамбанку” будуць выдавацца ахвотней. Аднак Румас называе абавязковую ўмову для гэтага – “праца эканомікі краіны без збояў”. З гэтым, на меркаванне незалежных экспертаў, акурат будуць праблемы.

“Улады працягваюць штучна стрымліваць рост індэксу будаўнічых працаў. Гэта праз 2–3 месяцы моцна грымне па будаўніцтве, – тлумачыць эканамістка Ірына Урбан. – Эканоміка ўвогуле працягвае жыць ад крэдытаў да крэдытаў, прычым улады дазваляюць сабе не выконваць абавязковыя ўмовы крэдытораў – прыватызацыя, развіццё бізнесу, лібералізацыя, – пра ўсё гэта чыноўнікі забываюць адразу, як грошы пералічваюцца на беларускі рахунак. У выніку атрыманыя грошы папросту праядаюцца. І ніякіх зменаў гэта не прыносіць. Хіба толькі адтэрміноўванне сур’ёзнага абвалу і ўмоўны спакой насельніцтва”.

Беларускія банкі прыпынілі выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля праз “скарачэнне аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва з падтрыманнем дзяржавы”. Аднак за кошт менавіта гэтай крыніцы ў Беларусі дасюль уводзілася ў эксплуатацыю 70 % жылля.

belsat.eu

Стужка навінаў