Урэшце мітынг выключна для міліцыі


Актывіст гомельскай кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Канстанцін Жукоўскі падаў у гарвыканкам заяўку на правядзенне ў горадзе 12 жніўня «інфармацыйна-прававога мітынгу» для працаўнікоў міліцыі.

«3 ліпеня мы хацелі правесці ў Гомлі мітынг, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да сацыяльна-эканамічных праблемаў у краіне. Але прыцягнулі ўвагу толькі праваахоўных органаў: гарвыканкам забараніў мітынг, а ў вызначаны час на заяўленай пляцоўцы каля ПК «Віпра» Таварыства глухіх сабраліся толькі міліцыянеры – паводле розных ацэнак, да 300 чалавек. Яны агарадзілі пляцоўку каля Палацу культуры і кагосьці, відаць, чакалі», – кажа Канстанцін.

У заяўцы актывіст піша, што ў звязку з масавым наведваннем 3 ліпеня працаўнікамі праваахоўных органаў пляцоўкі каля ПК «Віпра» ён вырашыў правесці для іх «інфармацыйна-прававы мітынг» у звязку з «масавымі парушэннямі супрацоўнікамі праваахоўных органаў правоў і свабодаў грамадзян». Заяўленая мэта акцыі – «інфармаванне пра непазбежнасць пакарання за злачынныя дзеянні і прыцягненне да адказнасці за парушэнні асноўных правоў і свабодаў грамадзян і пра амністыю для пэўнай катэгорыі дзяржслужбоўцаў (у тым ліку і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, калі яны адмовяцца выконваць загады, што супярэчаць заканадаўству)».

Меркаваная колькасць удзельнікаў – да тысячы чалавек. «Улічваючы ажыятажны наплыў міліцыянераў на забаронены гарвыканкамам мітынг, вельмі цяжка падлічыць, колькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў прыйдуць на дазволены», – зазначае ў заяўцы актывіст.

Да заяўкі ён прыклаў пісьмовае абавязацельства забяспечыць выкананне ўмоваў і парадку правядзення масавай акцыі, бяспеку грамадзянаў, захаванасць будынкаў, збудаванняў, транспартных сродкаў ды іншай маёмасці, а таксама зялёных насаджэнняў. Таксама Жукоўскі абавязаўся выконваць усе законныя патрабаванні працаўнікоў органаў унутраных справаў, ажыццявіць не пазней як праз 10 дзён пасля правядзення масавай акцыі аплату выдаткаў, звязаных з аховаю грамадскага парадку, медычным абслугоўваннем і прыбіраннем тэрыторыі.

belsat.eu

Стужка навінаў