Сярэдні бал тэставання – «тройка»


Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэднія балы ў цэнтральным тэставанні працягваюць падаць з кожным годам.

Апублікаваныя вынікі Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (РІКВ). Сёлета сярэдні бал па гісторыі Беларусі, напрыклад, быў 34,88, у той час, як летась – 35,01. Калі пераводзіць балы ў адзнакі, атрымаецца не больш за “чацвёрку”. Па матэматыцы яшчэ горш: у гэтым годзе сярэдні бал 21, 56, у 2010 г. быў 21, 76. Пагоршалі вынікі і па мовах: сёлета па беларускай мове 31,11 (у 2010 г. – 31,37), па расейскай – 30,48 (у 2010 г. – 31,27). Калі арыентавацца на адзнакі – гэта “тройка”.

Некаторыя эксперты прагназуюць, што ў перспектыве цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі або наагул адменяць, каб ніхто не ведаў рэальнага ўзроўню нашай адукацыі, або ўвядуць іншую сістэму ацэнкі ведаў.

Праўда, чыноўнікі не гатовыя пакуль пагадзіцца з такім меркаваннем. Старшыня РІКВ Мікалай Фяськоў кажа, што агульны вынік тэставання такі нізкі, бо вельмі шмат ахвочых прыйшло на іспыты. “Да таго часу, як з’явілася ЦТ, паступаць у ВНУ ішлі толькі 30 % ад агульнай колькасці выпускнікоў, цяпер – 90 %. У грамадстве з’явілася мода на вышэйшую адукацыю. Людзі зразумелі, што з адукацыяй больш магчымасцяў для працаўладкавання, таму і ідуць здаваць тэсты, – тлумачыць ён. – Апроч таго, зарэгістравацца на ЦТ вельмі проста, дый каштуе нядорага. Таму лагічна, што калі расце колькасць удзельнікаў, узровень сярэдняга балу будзе падаць”.

Такой думкі не падзяляюць найперш настаўнікі. Як распавёў “Белсату” рэпетытар фізікі ды былы выкладчык у сярэдняй школе Антон Клімовіч, слабы вынік на ЦТ – паказальнік нізкага ўзроўню школьнай адукацыі.

“Я ведаю, што па фізіцы каля 40 балаў лічыцца ўжо вельмі добрым вынікам, мала хто з вучняў у класе набірае такую колькасць балаў. Прычынаў некалькі. Першая – падрыхтоўка ў школе не арыентаваная на здаванне тэстаў. Напісаць кантрольную – гэта не тое, што здаць тэст. Досвед тэставання вучні атрымліваюць на факультатывах або ў рэпетытараў. Другое – слабая падрыхтоўка настаўнікаў. Большасць маіх калегаў зарыентаваныя на індывідуальныя заняткі, бо гэта прыносіць грошы. Зусім мала засталося ў школах прафесіяналаў. Трэці фактар – вельмі важны – маральны стан вучня. Я на сваіх вучнях бачу, што ўсё менш сур’ёзнасці ў нашых школьнікаў. Што і казаць, калі некаторыя абітурыенты выходзяць з аўдыторыі праз пяць хвілінаў пасля пачатку тэставання? Абыякавасць у іх з’явілася пасля шматлікіх школьных рэформаў, калі дзеці сапраўды адчувалі сябе паддоследнымі”.

belsat.eu

Стужка навінаў