Разгонам акцыі 6 ліпеня кіраваў сын Сяргея Гайдукевіча


Пры гэтым лідар ЛДПБ прызнаўся, што ягоныя паплечнікі ходзяць на акцыі маўклівага пратэсту. Алег Гайдукевіч узначальвае Фрунзенскае РУУС сталіцы і ўчора курыраваў разгон каля Лядовага палацу ў Менску.

Алег Гайдукевіч ужо ў 29 гадоў стаў намеснікам кіраўніка РУУС Партызанскага раёну, цяпер кіруе раённым упраўленнем Фрунзенскага раёну. Ягоны бацька – старшыня Беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч – распавядаў у інтэрв’ю, што сын заўсёды марыў пра кар’еру міліцыянта, доўгі час працаваў у аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.

Запланаваная 6 ліпеня на 20 гадзінаў акцыя ўжо а 20.05 перамясцілася на іншы бок вуліцы Прытыцкага. Пакуль удзельнікі падыходзілі да прызначанага месца сустрэчы – Лядовага палацу, людзі ў цывільным паспелі схапіць 20 чалавек. Усіх затрыманых змясцілі ў аўтобус міжгародняга тыпу, вокны якога былі завешаныя фіранкамі.

Сярод затрыманых былі журналісты: Ягор Марціновіч з “Нашай Нівы” і Антон Матолька з tut.by. Як паведаміў Алег Гайдукевіч, журналістаў не мелі дастаўляць у РУУС. “Каманды затрымліваць журналістаў сёння не было. Усіх адпусцяць”, – патлумачыў ён.

Аднак прадстаўнікі прэсы разам з усімі затрыманымі паехалі ў Фрунзенскі РУУС. Уваход у будынак быў закрыты. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, у гэтым раёне затрымалі 25 чалавек. “Пераважна міліцыя паводзіла сябе карэктна”, – паведаміў карэспандэнт Антон Матолька. Аднак аднаму з затрыманых – мужчыну на прозвішча Красоўскі – у аўтобусе супрацоўнік у цывільным выбіў зуб.

Хто менавіта праводзіў затрыманні, высветліць не атрымалася. Прэсавая служба МУС не каментуе, кім ёсць людзі ў спартовым адзенні, якія зацягваюць мірных грамадзянаў у службовы транспарт. Міліцыянты ў форме, якія дзяжурылі побач з Лядовым палацам, працавалі без іменных бэджаў. На заклікі “Міліцыя! Дапамажыце!” не рэагавалі, ад камераў адварочваліся.

Праваабаронца і юрыст Гары Паганяйла звяртае ўвагу на тое, што міліцыя не выконвае сваіх непасрэдных абавязкаў. “Тое, што міліцыянты не ідуць на дапамогу грамадзянам, наўпроставае парушэнне і закону “Аб органах унутраных справаў”, і Канстытуцыі. Аднак улада “наверсе”, у тым ліку праваахоўная, відавочна, не ведае, што рабіць з такім абурэннем народу: з пратэстам і нязгодаю з эканамічнаю палітыкаю ўраду. Думаю, менавіта таму яны спрабуюць нагнаць на людзей страху. Бо страх, як вядома, паралізуе актыўнасць, на гэта і спадзяюцца сёння спецслужбы”.

Старшыня ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч не здзіўлены, што людзі з пратэстамі выходзяць на вуліцы: “Ільготаў пазбавілі, заробкаў не паднялі, валюты ў абменніках няма… Чаго яшчэ чакаць?”

Палітык прызнаўся, што ягоныя паплечнікі таксама ходзяць на акцыі. “Распавядалі мне, што рабілася на Прывакзальнай плошчы, як хапалі людзей. Я лічу, што міліцыя не мусіць гэтым займацца. Міліцыя мусіць лавіць злачынцаў, інакш рабі што хочаш у горадзе – уся міліцыя на пратэстах”.

У абарону свайго сына ён кажа, што незалежныя рэсурсы ў інтэрнэце паведамляюць: найбольш карэктнае стаўленне да затрыманых было менавіта ў Фрунзенскім РУУС. “Я не магу ўлазіць у справы сына. Ён дарослы чалавек – разумны, інтэлігенты, ён сапраўдны прафесіянал”.

Сам лідар ліберальна-дэмакратычнай партыі на маўклівыя акцыі не ходзіць, але кажа, што разам са сваёй камандаю рыхтуе сур’ёзную праграму бліжэй да восені, калі эканамічная сітуацыя ў краіне можа яшчэ больш пагоршыцца.

belsat.eu

Стужка навінаў