“Калі мяне павалілі на зямлю, я крычаў, што я інвалід...”


Пенсіянеру Уладзіміру Марозаву стала кепска падчас затрымання ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” побач з Нацыянальнай бібліятэкай у Менску 6 ліпеня.

Ён распавёў, што проста сядзеў на лаўцы з двума пенсіянерамі. На акцыю прыйшоў свядома. “Я не топаў, не крычаў, не моргаў, проста сядзеў”, – распавёў ён. Да пенсіянераў падыйшлі два чалавекі ў цывільным і папрасілі іх сыйсці. Уладзімір Марозаў папрасіў іх прадставіцца. “На гэтым размова скончылася, прагучала каманда хапаць і цягнуць мяне ў аўтобус”, – сказаў пенсіянер.

Уладзімір спрабаваў папярэдзіць тых, хто на яго нападаў, што ён інвалід і мае хворае сэрца і лёгкія. Ён узгадвае, што зацягнуць у аўтобус яго не змаглі з-за таго, што ён шмат важыць, і пачалі збіваць, калі ён ляжаў на зямлі. Пенсіянер абараняўся парасонам, пасля страціў прытомнасць. Людзі ў цывільным кінулі яго. Калі ён ачуняў, побач былі мінакі, які дапамаглі дайсці да таксоўкі.

“Я ж не тэрарыст, не забойца, я пенсіянер! За што вось так мяне? Хачу спытаць таго байца, якімяне душыў: сынок, за што ты мяне душыў?..”

belsat.eu

Стужка навінаў