Чарговыя масавыя затрыманні па ўсёй Беларусі: 380 чалавек


Паводле папярэдніх звестак праваабаронцаў, падчас акцыяў маўклівага пратэсту 6 ліпеня затрымана каля 380 чалавек, у тым ліку больш за 190 у Менску. Агенцтва “Интерфакс-Запад” са спасылкаю на інтэрнэт-рэсурсы паведамляе, што яна ахапіла больш за 30 гарадоў Беларусі.

У Менску ў Партызанскім РУУС знаходзяцца прыкладна 20 чалавек, у Першамайскім — 20, Фрунзенскім — 25, Заводскім — 30, Ленінскім — 18, Савецкім —15, Кастрычніцкім — 10, Маскоўскім — каля 50. Сярод затрыманых – 23 журналісты, у тым ліку карэспандэнты Радыё “Свабода”, газеты “Наша ніва”, агенцтваў “БелаПАН” і “ Интерфакс-Запад”, польскага радыё “Tok FM”, здымачная група тэлеканалу НТВ. Большасць журналістаў адпусцілі.

У сталіцы акцыя, ініцыяваная інтэрнэт-супольнасцю “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, была арганізавана ў новым фармаце: удзельнікам прапанавалі сабрацца каля ЖЭСаў, а затым накіравацца да “цэнтральнага пункта свайго раёна”: Палац спорту (Цэнтральны), парк Дружбы народаў (Савецкі), Нацыянальная бібліятэка (Першамайскі), МТЗ (Партызанскі), універмаг “Беларусь” (Заводскі), ГЦ “Гіпа” (Ленінскі), ДК чыгуначнікаў (Кастрычніцкі), ГЦ “Тытан” (Маскоўскі), Лядовы палац (Фрунзенскі).

Ініцыятары заклікалі грамадзянаў сабрацца ў згаданых месцах і гуляць, “сустракаючыся і знаёмячыся адзін з адным”. Пляскаць у далоні можна “толькі пры ўмове, што вас не змогуць забраць/зацягнуць куды-небудзь”.

6 ліпеня генеральны пракурор Рыгор Васілевіч нагадаў арганізатарам вулічных акцыяў і супрацоўнікам праваахоўных органаў аб неабходнасці выконваць закон. Ён папрасіў міліцыянтаў быць “максімальна карэктнымі”. Нягледзячы на гэта, у многіх гарадах разгон зноў быў жорсткім. Невядомыя ў цывільным зноў перашкаджалі працы журналістаў.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, позна ўвечары з аддзелаў міліцыі адпусцілі непаўнагадовых і пажылых жанчын. Некалькім затрыманым стала кепска, іх шпіталізавалі.

Апошняя акцыя 3 ліпеня была жорстка разагнана людзьмі ў цывільным. Праваабаронцы паведамлялі аб затрыманні каля 390 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў