Аператар «Бі-бі-сі» пасля збіцця менскімі амапаўцамі трапіў у шпіталь


Як стала вядома «Белсату», дактары дыягнаставалі ў Максіма Ламакіна страсенне мозгу.

Аператар маскоўскага бюро брытанскай медыякарпарацыі «Бі-бі-сі» 29 чэрвеня здымаў у Менску маўклівую акцыю пратэсту. Калі калона ўдзельнікаў дайшла да вуліцы Янкі Купалы, пачаўся «хапун». Пры гэтым міліцыянты імкнуліся нейтралізаваць журналістаў, што здымалі падзеі на фота і відэа.

У Максіма Ламакіна была вялікая прафесійная камера, магчыма, таму на яго так нервова рэагавалі міліцыянты, гавораць калегі відэааператара. Яны таксама не выключаюць, што сілавікі скарысталі з таго, што Максім невялікага росту і нямоцнага целаскладу, таму не мог даць адпор.

Аператара бязлітасна білі па нагах, нырках і галаве. Яго нават спрабавалі затрымаць і ледзь не завалаклі ў міліцэйскі аўтобус. Міліцыянты спыніліся толькі пасля крыку Ламакіна: «Я журналіст, карэспандэнт «Бі-бі-сі». Яго літаральна кінулі на асфальт, а на развітанне некалькі разоў ударылі па спіне і шыі. У той жа вечар Максім Ламакін перадаў кадры менскіх падзеяў у Маскву, а таксама паспеў распавесці ў жывым эфіры «Бі-бі-сі», як менскія міліцыянты абыходзяцца з прадстаўнікамі прэсы. Начным цягніком журналіст з’ехаў у Маскву.

Раніцаю 30 чэрвеня Максім Ламакін мусіў выйсці на працу, але яму зрабілася дрэнна і журналіста шпіталізавалі са страсеннем мозгу. Максім дагэтуль застаецца ў адной з маскоўскіх лякарняў.

belsat.eu

Стужка навінаў