Затрымалі за тое, што чакалі цягнік


“Мы прыйшлі на вакзал сустракаць цягнік Масква – Менск, 19.56. Сядзелі спачатку на лаўцы, што на здымках у інтэрнэце вельмі добра відаць”, – распавядае затрыманая 3 ліпеня жыхарка Менску Кацярына Радзівілка.

Цяжарная жанчына сустракала цягнік разам з мужам. Увесь дзень ішоў дождж і было халаднавата, таму яны вырашылі прайсціся. Побач з вакзалам было шмат людзей, якія прыйшлі на акцыю маўклівага пратэсту. Кацярыну схапілі, бо яна пачала абурацца, калі ўбачыла, як двое мужчынаў у цывільным падбеглі да дзяўчыны і адзін з іх ударыў яе (як высветлілася пазней, гэта былі міліцыянты).

Кацярыну адпусцілі дахаты (цяжарнай жанчыне зрабілі ласку – перанеслі яе працэс на 11 ліпеня). Аднак мужа, якога затрымалі разам з ёю, так і не ўдалося знайсці: “Калі я пачала тэлефанаваць паўсюль, высвятляць, дзе, што і як, паўсюдна адзін адказ: мы не ведаем, тэлефануйце туды. Я тэлефаную туды – там ніхто не падымае, сюды – не падымаюць, яшчэ куды – там нічога няма”.

3 ліпеня, у афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі, на плошчы гарадоў выйшлі сотні людзей, каб паўдзельнічаць у акцыі маўклівага пратэсту супраць дзеянняў уладаў “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”. Паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі амаль 400 чалавек, з іх не менш як 210 у Менску, 120 – у Горадні.

belsat.eu

Стужка навінаў