Ігар Яўсееў: Ніякіх парушэнняў грамадскага парадку не было дапушчана


Намеснік старшыні ГУУС Менгарвыканкаму ў інтэрв’ю дзяржаўным медыям ні слова не сказаў пра масавыя затрыманні ў цэнтры Менску.

Увечары 3 ліпеня па ўсёй краіне людзі ў цывільным затрымлівалі мірных грамадзянаў, якія ў цэнтры гарадоў пляскалі ў далоні або праходзілі міма. У Менску міліцыя супраць дэманстрантаў і журналістаў ужыла пярцовы газ. Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляе, што разам у краіне затрымалі амаль 400 чалавек.

Тым часам Яўсееў паведаміў інфармагенцтву БелТА: “Праваахоўныя органы ў гэты дзень працавалі ва ўзмоцненым варыянце нясення службы. Быў задзейнічаны ўвесь асабісты склад гарнізону, ад участковых інспектараў да крымінальнай міліцыі. Ніякіх парушэнняў грамадскага парадку ў месцах гулянняў не было дапушчана. Сітуацыя ў сталіцы была пад кантролем міліцыі”.

Прэсавая служба Міністэрства ўнутраных справаў адмаўляецца каментаваць, хто загадаў хапаць людзей на Прывакзальнай плошчы ў Менску і на якой падставе гвалтоўныя затрыманні праводзілі асобы ў цывільным. Падчас акцыі міліцэйскія начальнікі, адзетыя ў цывільнае, таксама ўстрымліваліся ад каментароў. Пры гэтым яны адмаўляліся называць свае пасады: казалі, што яны проста мінакі, якія з цікавасці прыйшлі паглядзець на акцыю. Пазнаць іх можна было, бадай, толькі паводле навушнікаў аператыўнай сувязі.

Дзяржаўныя медыі таксама замоўчваюць масавыя затрыманні – пра іх няма інфармацыі ні ў дзяржаўных газетах, ні на тэлебачанні. Папярэднія “маўклівыя рэвалюцыі” журналісты дзяржаўных медыяў асвятлялі са спазненнем на два-тры дні, рэзка крытыкуючы дзеянні дэманстрантаў. 3 ліпеня здымачныя групы тэлеканалаў “Першы” і “АНТ” з’явіліся на месцы падзеяў напрыканцы затрыманняў і здымалі камерамі без чахлоў, што ідэнтыфікуюць тэлекампаніі.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна лічыць, што цэнзураванне і фільтраванне інфармацыі для дзяржаўных медыяў зрабілася нормаю. “Гэтая прэса пагадзілася стаць статыстам уладаў. Відавочна, што сёння прапагандысцкая машына падбуксоўвае, і таму журналісты з дзяржаўных медыяў абіраюць стратэгію замоўчвання, кіруючыся прынцыпам “няма падзеі – няма праблемы”, – адзначыла экспертка.

belsat.eu

Стужка навінаў