Андрэй Пачобут на волі! (Дадалося відэа)


Суддзя Віталь Ляцко пастанавіў пакараць журналіста 3 гадамі пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на 2 гады. У інтэрв’ю “Белсату” Андрэй сказаў, што не чакаў такога выраку і назваў яго першым вынікам эканамічных санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

Нагадаем, дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў зняволіць журналіста на 3 гады.

“Магчыма, сённяшні прысуд стаў вынікам супольных дзеянняў незалежных журналістаў, простых беларусаў, прадстаўнікоў Саюзу палякаў і міжнароднай грамадскасці, якія патрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення Андрэя Пачобута”, – пракаментаваў журналіст “Белсату” Павал Мажэйка вызваленне карэспандэнта выдання “Gazeta Wyborcza” Андрэя Пачобута ў зале суда.

Павал Мажэйка мяркуе, што на вырак паўплывала і тое, што старшынёўства ў Еўразвязе з 1 ліпеня перайшло да Польшчы: “Не выключана, што афіцыйны Менск спадзяецца выгандляваць нешта для сябе гэткім, на яго погляд, мяккім прысудам”.

“Тое, як трымаўся Андрэй Пачобут падчас следства і на судзе, – гэта найлепшая дэманстрацыя чалавечай годнасці”, – адзначыў Павал Мажэйка.

Сам Андрэй Пачобут заявіў на прыступках суду журналістам і сябрам, якія сустракалі яго, што нягледзячы на зняволенне ягоная пазіцыя не толькі не змянілася, але стала яшчэ больш жорсткаю. Сказаў, што і надалей збіраецца займацца тым, чым займаўся дагэтуль, толькі возьме блізкім часам кароткі перапынак, каб пабыць з сям’ёю.

На пытанне пра стаўленне да яго ў турме Андрэй Пачобут заявіў, што яго там не збівалі і не катавалі. Невялікі інцыдэнт адбыўся сёння: калі яго заводзілі ў суд, гэтак моцна нахілілі, каб яго не маглі пабачыць сябры і родныя, што Пачобут упаў.

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут – карэспандэнт у Беларусі польскага выдання “Gazeta Wyborcza”. Працуе ў краіне без афіцыйнай акрэдытацыі пры беларускім МЗС. У аснове крымінальнай справы, што была распачатая супраць журналіста, ягоныя публікацыі ў выданні “Gazeta Wyborcza” ды інтэрнэце. Андрэя Пачобута вінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: 368 (ч. 1) – “абраза” і 367 (ч. 1) –“паклёп” на прэзідэнта. Максімальны тэрмін пакарання паводле гэтых артыкулаў – да 4 гадоў пазбаўлення волі. Працэс над журналістам быў закрыты. На абвяшчэнне прысуду ў залу суда змаглі трапіць толькі сем чалавек, сярод іх жонка і бацькі Андрэя Пачобута.

belsat.eu

Стужка навінаў