Андрэй Пачобут не прызнаў сябе вінаватым


Апошняе слова журналіст Андрэй Пачобут у судзе Ленінскага раёну Горадні прамаўляў менш за хвіліну. Карэспандэнт польскага выдання “Gazeta Wyborcza” заявіў, што не прызнае ні сваёй віны, ні гэтага суда. Пра падзеі на закрытым працэсе сваякам і калегам Пачобута, якія сабраліся каля будынку суда, паведамілі ягоныя адвакаты.

Як паведаміў калега Пачобута Анджэй Пісальнік, цяпер у слуханнях абвешчаны перапынак да 14.30. Чакаецца, што пасля перапынку суддзя Віталь Ляцко абвесціць прысуд. Пракурор Аляксандр Южык 24 чэрвеня прасіў суд прыгаварыць журналіста да пазбаўлення волі на 3 гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Пачобут абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта Беларусі) і ч. 1 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкулу – 4 гады пазбаўлення волі, паводле другога – 2 гады.

Андрэй Пачобут сцвярджае, што не дапускаў знявагаў на адрас Аляксандра Лукашэнкі: “У гэтых публікацыях утрымліваецца крытыка Лукашэнкі”. Вызвалення журналіста патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Польшчы, Еўразвязу і ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў