Судзяць Пачобута: дзень выраку


Журналіст Андрэй Пачобут сёння выступіў з апошнім словам у судзе Ленінскага раёну Горадні. Сёння ж а 14.30 мае быць агалошаны вырак у справе карэспандэнта выдання “Gazetа Wyborczа”.

Журналіст абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і ч. 1 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкулу – 4 гады пазбаўлення волі, паводле другога – 2 гады.
Ля будынку суда сабраліся каля 70 чалавек – родныя, сябры,паплечнікі ды салідарныя з журналістам гарадзенцы. Калі Андрэя вялі ў будынак суда з міліцэйскага аўтамабіля, міліцыянты выкруцілі рукі гэтак, што журналіст упаў на зямлю, паведамляюць нашыя карэспандэнты.

Крымінальную справу на Пачобута завялі 28 сакавіка. У пастанове пракуратуры сказана: “Пачобут А. С. <…> у перыяд 2010–2011 гг. размясціў у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі пад назваю “Час закручваць гайкі”, “Лукашэнка знайшоў чарговую цэль”, “У Беларусі выбары без выбару”, “Гаварыце мне “бацька”, “Гэтак кіруе Лукашэнка”, “Лукашэнка: Так, я сфальсіфікаваў выбары”, “Свабода па-беларуску . Пакаяўся – дык выйшаў?”, “Перадвыбарчы папулізм па-беларуску”, “Так палохае беларускі КДБ” і адзін тэкст без загалоўка, які пачынаецца словамі “Дзякуй усім…” і заканчваецца словамі “…можаце выкарыстоўваць”, у якіх прысутнічаюць прыкметы публічнай абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

belsat.eu

Стужка навінаў