Польскі ансамбль “Mazowsze”: мы не будзем танчыць пад дудку Лукашэнкі


Ансамбль адмовіўся выступаць у Менску, бо запрашэнні для візаў прыслаў праўладны Саюз палякаў Беларусі.

Выступіць “Mazowsze” ў Беларусі запрасіла кампанія “Пламбір-ТВ”, але падчас афармлення візаў у амбасадзе Беларусі ў Варшаве музычнаму калектыву паведамілі, што едуць яны на запрашэнне праўладнага Саюзу палякаў Беларусі.

“Мы запатрабавалі, каб адпаведную колькасць квіткоў, якія бясплатна паводле дамовы належалі ансамблю, перадалі незалежнаму ад уладаў Саюзу палякаў”, – паведаміў кіраўнік імпрэсарыяту польскага калектыву Кшыштаф Курлей у інтэрв’ю Польскаму прэсаваму агенцтву.

Гэтай умовы арганізатары не выканалі.

“Канцэрт не адбудзецца, бо мы разам з “Mazowsze” прыйшлі да высновы, што ў гэтай сітуацыі лепш адкласці выступленне ансамблю ў Беларусі, каб яго не выкарысталі ў палітычных мэтах”, – заявіла ў інтэрв’ю Польскаму прэсаваму агенцтву прадстаўніца “Mazowsze” Хэлена Рута.

Учора польская газета “Rzeczpospolita” надрукавала артыкул пад загалоўкам “Лукашэнка грае “Mazowsze’м”, дзе між іншага сцвярджалася, што “ўлады Беларусі хочуць выкарыстаць “Mazowsze” дзеля прапагандысцкага падтрымання пралукашэнкаўскага СПБ, але танчыць пад Лукашэнкаву дудку знакаміты польскі ансамбль не захацеў”.

Тым часам “Пламбір-ТВ” паведаміла, што канцэрт не адбудзецца праз малую колькасць прададзеных квіткоў. “Відаць, мы дрэнна папрацавалі”, – выказалі сваё меркаванне прадстаўнікі фірмы.

belsat.eu

Стужка навінаў