Ананімныя звароты чыноўнікаў не цікавяць


Цяпер перапішуць звесткі ўсіх, хто тэлефануе са скаргамі на “наўпроставыя лініі”.

Яшчэ два гады таму ўрад на чале з прэзідэнтам рэкламаваў сваю адкрытасць народу, заяўляючы, што чыноўнікі ўвесь час сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, а таксама прымаюць скаргі праз тэлефон. Такія “наўпроставыя лініі” зрабіліся папулярнымі і дзякуючы прапагандзе дзяржаўнага тэлебачання, якое нязменна сцвярджала, што чыноўнікі сапраўды запісваюць звароты і неўзабаве вырашаюць праблемы. Людзі выстройваліся ў чэргі ў райвыканкамах, калі прыязджаў чыноўнік з Менску. Тэлефонныя лініі былі часта перагружаныя ад званкоў.

Аднак у Савеце Міністраў палічылі, што трэба абмежаваць такі вялікі паток інфармацыі, і была прынятая адмысловая пастанова “Пра некаторыя пытанні працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў”. Цяпер той, хто тэлефануе, мусіць спачатку назваць сябе і ўсе свае звесткі, у тым ліку месца працы або вучобы.

Прэсавы сакратар Саўміну Аляксандр Цімашэнка тлумачыць: “Усе звароты, якія паступілі падчас “наўпроставых тэлефонных лініяў”, будуць занесеныя ў адмысловыя рэгістрацыйна-кантрольныя карткі. Інфармацыю дадаткова правераць яшчэ раз, каб пазбегнуць паклёпу і недарэчнасцяў. На жаль, прыходзіць вельмі шмат некарэктных звестак ад так званых прафесійных скаржнікаў”.

Такім чынам, чыноўнікі сапраўды могуць пазбавіцца ад лішняй інфармацыі, але разам з тым шмат якія людзі пабаяцца цяпер звяртацца са сваімі праблемамі. “Гэтае пытанне асабліва вострае ў малых гарадах, – мяркуе юрыст Ірына Грэк. – Людзі ведаюць адзін аднаго, чыноўніка са сталіцы яны ўспрымаюць як апошнюю інстанцыю – як таго, хто сваім аўтарытэтам можа паўплываць на развязанне праблемы. Рэакцыі ж мясцовых уладаў яны пабойваюцца, бо тыя праблемы, з якімі яны звяртаюцца да памочнікаў прэзідэнта ці міністраў, раённым старшыням добра вядомыя. Невыпадкова каля 40 % усіх зваротаў не прызнаюць, бо адрасаваныя яны не кампетэнтным асобам”.

З пазітыўнага варта адзначыць тое, што цяпер чыноўнікі будуць вымушаныя адказаць на кожны такі зварот, бо звесткі асобы афіцыйна зарэгіструюць – і спаслацца на тое, што не ўдалося знайсці крыніцу інфармацыі, чыноўнікам будзе складана.

belsat.eu

Стужка навінаў