Дэпутат-фальсіфікатар атрымаў узнагароду


У Магілёве прэміяй “Дасягненне” ўзнагародзілі дэпутата Аляксандра Юшкевіча, які браў удзел у фальсіфікацыі выбараў і заганяў моладзь на датэрміновае галасаванне.

Дыплом і прэмію 2,1 млн. руб. уручыў мэр гораду Станіслаў Барадаўка. Сярод усіх намінантаў – а гэта старшыні прадпрыемстваў і выкладчыкі ўніверсітэту – ён асабліва адзначыў дасягненні спадара Юшкевіча. “Дзякуючы ягонай працы моладзь актыўна праявіла сябе на выбарах, дэманструючы патрыятызм, адказнасць і адданасць сваёй Радзіме”, – прамаўляў мэр на цырымоніі ўзнагароджання.

Аляксандр Юшкевіч пачынаў кар’еру з працы ў БРСМ. У 2008 г. ён балатаваўся на дэпутата ў Магілёве. Паводле сябра прафсаюзу РЭП Ігара Барысава, які быў назіральнікам на выбарчым участку, камісія дапусціла шэраг грубых парушэнняў. “Было загадзя арганізаванае прымусовае датэрміновае галасаванне. Як вынік, у пяць разоў адрознівалася колькасць прыхільнікаў Юшкевіча на датэрміновым галасаванні з непасрэдным днём выбараў. Выніковыя пратаколы былі падрыхтаваныя загадзя, падлік праходзіў вельмі хутка – усяго за 45 хвілінаў. Фальсіфікацыі засведчыў і іншы назіральнік – ад БРСМ, аднак нашыя заўвагі члены камісіі адхілілі”, – паведаміў спадар Барысаў.

На прэзідэнцкіх выбарах летась Аляксандр Юшкевіч каардынаваў акцыі падтрымання кандыдата Лукашэнкі, накіроўваў праўладных назіральнікаў ад аб’яднання “Беларускі камітэт моладзевых арганізацыяў”, які цяпер ачольвае. Апроч таго, ён старшынюе ў Сталай камісіі парламенту ў правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі. Ён рашуча крытыкуе Еўрапейскі Звяз за палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў пасля 19 снежня. У адным са зваротаў да ЕЗ і ААН ён называе дзеянні еўрапейскіх чыноўнікаў “антыправавымі ды недэмакратычнымі”.

belsat.eu

Стужка навінаў