На парадзе ў Менску будуць танчыць трактары


Ідэя належыць галоўнаму рэжысёру імпрэзы Мікалаю Дудчанку.

Паводле яго, сёлета парад будзе аздоблены новымі харэаграфічнымі элементамі. “На дарозе з’явяцца два трактары – сіні і чырвоны, як сімвал хлопчыка і дзяўчынкі. І вось на пляцоўцы яны зліюцца ў танцы, праявяць свае пачуцці”, – распавёў рэжысёр.

Са словаў арганізатараў, свята будзе на найвышэйшым узроўні. Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў адзначыў, што апошнія некалькі гадоў напярэдадні свята Дня Незалежнасці на адрас ягонага міністэрства гучаць “абвінавачванні ў марнатраўстве”. “Пачаліся прэтэнзіі наконт кошту параду. А што значыць – кошт параду? Тыя людзі, якія так кажуць, забываюцца, што светам кіруюць не нафта і не газ. Ёсць тое, што не прадаецца, – Радзіма, дзіця, гонар і сумленне, а таксама сакральныя знакі, якім ёсць Дзень нашай дзяржаўнасці”, – з пафасам заявіў спадар Макараў.

Ён падкрэсліў, што для Беларусі Дзень Незалежнасці – свята. “Таму гэты дзень і ў будучыні будзе адзначацца як самае выбітнае свята беларускага народу”.

Ягонага настрою не падзяляе кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. Навуковец мяркуе, што 3 ліпеня немагчыма лічыць Днём Незалежнасці Беларусі, бо ў гэты дзень “немцаў выгналі толькі з Менску”. “Беларусь цалкам вызвалілі толькі ў канцы ліпеня. Нават пры савецкай уладзе гэты дзень святкавалі толькі ў межах гораду”, – нагадвае гісторык.

Паводле абвешчанай праграмы, парад пачнецца ў Менску а 12:00. Можна будзе пабачыць не толькі вайсковую тэхніку. Традыцыйна галоўным праспектам на грузавіках павязуць тэлевізары, холадні, пральныя машыны.

belsat.eu

Стужка навінаў