Антыкрызісны план: бесчалавечны, амаральны і неэфектыўны


“Магчыма, замарожванне заробкаў будзе датычыць самых нізкааплатных і неабароненых катэгорыяў бюджэтнікаў – працаўнікоў культуры, бібліятэк, магчыма, настаўнікаў, дактароў, працаўнікоў ЖКГ – прыбіральніц, сантэхнікаў. У некаторай ступені абмежаванні будуць і ў дачыненні чыноўнікаў, але не найвышэйшага звяна”, – лічыць эканаміст Сяргей Балыкін.

Замарожванне заробкаў у бюджэтнай сферы – гэта толькі частка антыкрызіснага плану ўладаў Беларусі. Плануецца таксама падвысіць цэны на камунальныя паслугі. Кошты на харчы, паводле эканамістаў, таксама на месцы не застануцца. Эканаміст Сяргей Балыкін называе гэткую палітыку “бесчалавечнаю ды амаральнаю”. Да таго ж – неэфектыўнаю. “Дзеля таго, каб вывесці краіну з крызісу, гэтыя захады мусяць суправаджацца прапановаю новых магчымасцяў атрымання прыбыткаў. Неабходна разняволіць дзелавую ініцыятыву, даваць магчымасць людзям спакойна працаваць”, – падкрэсліў эканаміст у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Паводле Сяргея Балыкіна, нягледзячы на захады эканоміі бюджэтных сродкаў, малаімаверна, што дзяржава будзе скарачаць заробкі для працаўнікоў сілавых ведамстваў, перадусім – высокім чынам. “Хаця участковыя, малыя чыны таксама могуць адчуць на сабе абмежаванне заробкаў, яны стануць меншыя ці застануцца такімі, як ёсць, але працаваць давядзецца больш ды адказнасці будзе больш”, – дадаў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў