«Беларусьфільм» акупляецца толькі на 7 %


Паведаміў міністр культуры Павал Латушка пасля прадстаўлення прэсе і працаўнікам кінастудыі новага дырэктара Алега Сільвановіча.

«Камерцыйная эфектыўнасць кінастудыі ёсць, – зазначыў міністр. – Але вяртанне дзяржаўных рэсурсаў складае прыблізна 7 %».

«Сёння перад намі стаіць задача павелічэння долі вяртання тых сродкаў, якія ўкладвае дзяржава, ад продажу канкрэтных кінакарцінаў», – сказаў ён.

Бліжэйшым часам «рэальна выйсці на 30 % вяртання сродкаў, якія ўкладвае дзяржава», мяркуе міністр. У будучыні гэтая велічыня будзе залежаць ад таго, наколькі запатрабаванаю будзе беларуская кінапрадукцыя на ўнутраным і вонкавым рынках.

Павал Латушка паведаміў, што да 2014 г. плануецца ў прыватнасці стварыць «канкурэнтнае асяроддзе ў кінасферы Беларусі», больш эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі, накіраваныя на падтрыманне кінавытворчасці, развіць кінапрадзюсаванне, дзяржаўна-прыватнае партнёрства і прыватны кінапракат, пашырыць пералік падатковых ільготаў, а таксама павялічыць колькасць супольных міжнародных праектаў.

З пачатку года ў краіне прапрацоўваюцца восем кінапраектаў супольна з расейскімі кампаніямі, два праекты – з кампаніямі Еўразвязу. Міністр растлумачыў, што беларуска-расейскія праекты ўяўляюць з сябе пераважна тэлесерыялы, якія «паказваюць найбольшую эфектыўнасць з пункту гледжання вяртання ўкладзеных з рэспубліканскага бюджэту сродкаў і сродкаў, якія ўкладваюцца прадзюсарамі».

Супраца з кінасферай ЕЗ будзе завязаная на праекты гістарычнай тэматыкі. «Мы вядзем перамовы адносна тых тэмаў, якія аб’ядноўваюць нас з пункту гледжання агульнаеўрапейскай гісторыі», – дадаў Латушка.

Алег Сільвановіч, якога кіраўнік дзяржавы зацвердзіў на пасадзе генеральнага дырэктара нацыянальнай кінастудыі 30 чэрвеня, раней узначальваў дэпартамент кінематаграфіі Міністэрства культуры.

«Сённяшні і заўтрашні «Беларусьфільм» не будзе падобны на той, які ў мінулым быў раскрытыкаваны», – сказаў ён, каментуючы пастаўленыя перад ім і кінастудыяй задачы.

belsat.eu

Стужка навінаў