Класкоўскі: Варшава зацікаўленая ў аднаўленні дыялогу


Але ўсё будзе залежаць ад паводзінаў Менску, лічыць палітолаг.

З 1 ліпеня Польшча старшынюе ў Еўразвязе – гэта на наступныя паўгода. Прыярытэтнымі кірункамі на гэты тэрмін стануць еўраінтэграцыя як крыніца росту, бяспечная Еўропа і адкрытая Еўропа, заяўляюць у Варшаве. Што тычыцца дачыненняў з Беларуссю, то польскі бок заяўляе пра намер актыўна падтрымліваць дэмакратыю ў краіне і не губляе надзеі на аднаўленне дыялогу з афіцыйным Менскам.

На меркаванне Аляксандра Класкоўскага, Польшча паспрабуе вярнуцца да дыялогу, бо як краіна-суседка вельмі зацікаўленая ў гэтым палітычна і эканамічна. Пра гэта сведчыць заява міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага – аб намеры запрасіць Беларусь на чарговы саміт “Усходняга партнёрства” “на найвышэйшым магчымым узроўні”, зазначае палітолаг.

Аднак развіццё дачыненняў паміж Беларуссю і Бруселем у перыяд старшынёўства Польшчы ў ЕЗ будзе залежаць найперш ад беларускага боку, адзначае Аляксандр Класкоўскі: “Цяпер мяч, так бы мовіць, застаецца на беларускім баку. Еўропа выразна акрэсліла свае патрабаванні. У першую чаргу гэта вызваленне палітвязняў. Без выканання гэтай умовы дыялогу не будзе, якая б краіна ні была старшынёю ў ЕЗ”.

Аляксандр Класкоўскі не выключае, што калі ўлады Беларусі і далей будуць ігнараваць патрабаванні Бруселю і працягваць рэпрэсіі, то Еўразвяз можа адрэагаваць больш жорстка: “Услед за “кропкавымі” эканамічнымі санкцыямі супраць асобных кампаніяў будуць прынятыя больш шырокія захады для эканамічнага ўздзеяння на беларускі рэжым”.

belsat.eu

Стужка навінаў