Інвестары адклікаюць грошы


З-за крызісу на паўгода замаруджваецца будаўніцтва новага прэстыжнага раёну “Менск-сіці”.

Ягонаю пабудоваю займалася інвестыцыйная кампанія “Ітэра”. Запланаванае ўзвядзенне жыллёвага, гандлёва-забаўляльнага і бізнес-цэнтраў. Жылыя дамы ўжо пачалі будаваць – праўда, замест абяцаных каркасна-маналітных дамоў ставяць танныя панэльныя. Такія цяпер пойдуць за найменшы кошт для грамадзянаў, што будуюць службовае жытло або стаяць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў.

На месцы новага раёну цяпер буйное прадпрыемства – авіярамонтны завод. Ягоным працаўнікам абяцалі перанесці цэхі ў новы будынак з сучасным абсталяваннем. Але пераезд і адпаведна рэканструкцыя вытворчасці замарудзіліся. Намеснік дырэктара заводу Іван Нікалюк паведаміў: “На жаль, фінансава-эканамічная сітуацыя пагоршылася, таму рэалізацыя праекту адкладаецца. Паўзу ўзялі да кастрычніка, гэты час патрэбны інвестару, каб развязаць свае пытанні. Аднак прэзідэнт нам паабяцаў, што на вуліцы нашыя працаўнікі не застануцца. Усё ж высокакваліфікаваныя адмыслоўцы, дый ільготы нам абяцаюць, таму мы спадзяемся на лепшае”.

На меркаванне экспертаў, складаная фінансавая сітуацыя адаб’ецца на большасці інвестараў, якія маюць праекты ў Беларусі. Тлумачыць інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін: “Варта чакаць, што інвестары будуць забіраць грошы, бо асцерагаюцца яшчэ большай дэвальвацыі. Яны ўкладалі валюту, а прыбытак ідзе беларускімі рублямі, канвертаваць якія амаль немагчыма. Атрымліваецца, што выгады няма ніякай. Пры гэтым прэзідэнт на нядаўняй сустрэчы ў Берасці заявіў, што тыя інвестары, якія цяпер адклікаюць свае грошы, на беларускі рынак без ягонага асабістага дазволу вярнуцца не змогуць. Так што казаць пра станоўчы інвестыцыйны клімат не выпадае”.

belsat.eu

Стужка навінаў