Чарговы «апошні шанец» на чарговы дыялог?


“Мы сёння гаварылі пра тое, што ўладам Беларусі, Лукашэнку яшчэ не позна пайсці на дыялог з Еўропаю, каб застацца ў гісторыі Беларусі не дыктатарам, а ўсё ж такі хоць бы прыстойным чалавекам”, – заявіў Уладзімір Някляеў падчас прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім і Штэфанам Фюле, камісарам ЕЗ у пытаннях пашырэння добрасуседства.

У сустрэчы з беларускага боку ўдзельнічалі палітыкі Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Сяргей Калякін і Аляксандр Мілінкевіч. Учора найбуйнейшыя апазіцыйныя партыі ды рухі Беларусі падпісалі пагадненне аб умовах правядзення свабодных выбараў. Апазіцыйныя лідары заявілі пра стварэнне платформы, на базе якой маюць намер супольна дзеяць.

Радослаў Сікорскі ды Штэфан Фюле заявілі, што вітаюць спробы апазіцыі кансалідавацца. “Еўропа гатовая падтрымаць Беларусь, якая стане на шлях дэмакратызацыі. Але першапачатковаю ўмоваю дыялогу ёсць вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, вязняў сумлення, а потым – размовы пра поўную дэмакратызацыю Беларусі, – падкрэсліў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. – Ужо цяпер задумаемся, як тая дэмакратычная Беларусь можа распачаць мадэрнізацыйныя рэформы, каб будучая дэмакратычная Беларусь магла мець найбольш цесныя дачыненні з Еўропаю”.

Паводле экс-кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, Еўропа мае жорсткую пазіцыю адносна дачыненняў з афіцыйным Менскам. “Ніхто не будзе гуляцца ў гульні ўладаў Беларусі, якія яны навязвалі да 19 снежня. Мы дамовіліся, што нашыя пазіцыі будуць каардынавацца, што з уладаю, як нам паабяцалі, ніякіх перамоваў не будзе да вызвалення палітзняволеных”, – заявіў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў