«Бой падушкамі» адбудзецца нягледзячы на забарону


“Бой падушкамі”, прысвечаны Аршанскай бітве, адбудзецца нягледзячы на забарону сталічных уладаў – заяўляюць арганізатары акцыі. “Мы пастараемся, каб яна прайшла мірна і без затрыманняў”, – паабяцаў Валянцін Сакалоўскі, сябра арганізацыі “Гісторыка”.

Сёння стала вядома, што ўлады Менску забаранілі імпрэзу. Паводле арганізатараў, “Бой падушкамі” забараніў намеснік старшыні Менгарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў, нягледзячы на тое што правядзенне акцыі ўзгаднілі з Міністэрствам культуры, а таксама аддзеламі культуры ды ідэалогіі Менскага гарвыканкаму. На думку грамадскага актывіста Андрэя Кіма, гэтая забарона можа пагоршыць імідж Беларусі. “У выніку дзеянняў Ціцянкова замест пазітыўнага іміджу Менску будзе стварацца чорная карціна “сталіцы апошняй дыктатуры”, – адзначыў Андрэй Кім.

Ініцыятарам “Бою падушкамі” выступіла моладзевае аб’яднанне “Гісторыка”. У заяўцы на правядзенне акцыі арганізатары ўказалі чатыры магчымыя месцы: парк Дружбы народаў, парк каля Нацыянальнай бібліятэкі, парк імя Янкі Купалы і парк 50-годдзя Кастрычніка. На прэс-канферэнцыі арганізатары заявілі, што ў якасці адзінай умовы у Менгарвыканкаме называлі адсутнасць на імпрэзе Андрэя Кіма, Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева. Чыноўнікі тлумачылі гэта тым, што грамадскія дзеячы і палітыкі могуць скарыстаць з імпрэзы, каб “лішні раз прапіярыцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў”.

belsat.eu
03.09.2010
Фота bymedia.net

Стужка навінаў