36-ты дзень пратэстаў. Галоўнае

Belsat.eu падводзіць вынікі 36-га дня пратэстаў у Беларусі.

Марш герояў

Галоўнай падзеяй 36-га дня пратэстаў у Беларусі стала традыцыйнае нядзельнае шэсце, якое на гэты раз атрымала назву Марш герояў. Гэта была самая жорсткая акцыя за апошні месяц – пасля 9 – 11 жніўня.

Акцыі праходзілі ў розных гарадах. МУС налічыла іх каля 17-і. Сярод іх Менск, усё абласныя цэнтры (Берасце, Віцебск, Гомель, Горадня, Магілёў), а таксама Бабруйск, Жодзіна, Кобрын, Ліда, Мазыр, Наваполацк, Полацк, Пінск, Салігорск ды іншыя.

Марш герояў. Штонядзельная акцыя пратэсту ў сталіцы. ОНЛАЙН

У Менску акцыя пачалася з затрыманняў. Усе галоўныя вуліцы былі перакрытыя, на падыходах да абвешчанага месца збору людзей масава затрымлівалі. Але, нягледзячы на гэта, пратэстоўцы змаглі сабрацца ў вялікія калоны і накіравацца да палацу Незалежнасці. Найбуйнейшая калона выйшла на праспект Пераможцаў праз праспект Прытыцкага.

Але падыходы да Палацу незалежнасці, Драздоў і іншыя шляхі былі перакрытыя. У выніку, пастаяўшы насупраць сілавікоў, пратэстоўцы сышлі з праспекту.

Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Пачаўшыся а 14-й гадзіне, акцыя завяршылася каля 19-й на станцыі метро «Пушкінская», каля мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму. На час акцыі традыцыйна блакавалася інтэрнэт-сувязь і праца метро.

Агулам толькі ў Менску на Марш выйшлі каля 200 тыс. чалавек. Таксама дзясяткі тысяч выйшлі ў іншых гарадах. Але МУС налічыла толькі 3 тыс. удзельнікаў.

Зноў спецсродкі

Супраць пратэстоўцаў улады ўпершыню за апошні месяц пачалі ўжываць разнастайныя спецсродкі. Гэтак, светла-шумавыя гранаты кідалі супраць тых, хто прайшоў у Дразды, дзе жыве шмат чыноўнікаў, у тым ліку старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

На праспекце Пераможцаў і ў Драздах сілавікі зноў пачалі страляць.

Марш герояў: У Менску затрыманыя больш за 400 чалавек. У Драздах узрывалі святлошумавыя гранаты

А ў Берасці ўлады запусцілі вадамёт. Афіцыйная прычынай яго ўжывання стала тое, што людзі на дарозе вадзілі карагоды, спявалі песні і выкрыквалі лозунгі.

Месцамі, напрыклад, у Наваполацку і Жодзіне, сілавікі сутыкаліся з супрацівам з боку пратэстоўцаў. МУС заяўляе, што ў Наваполацку пацярпелі тры міліцэйскія аўтамабілі.

Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Пры гэтым прэс-служба міліцыя адмаўляе ўжыванне светла-шумавых гранатаў.

Затрыманні

Паводле МУС, станам на 19:00 толькі ў Менску, затрымалі каля 400 чалавек. Яшчэ некалькі соцень затрыманых было ў іншых гарадах. Але ў Менску затрыманні працягваліся і пасля 19:00, на станцыі метро «Пушкінская».

Удзельнікі «Марша герояў» – пра гераізм і страх. 17 партрэтаў

Станам на 22:50 праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе імёны 345 затрыманых удзельнікаў мірных пратэстаў па ўсёй краіне.

Сярод затрыманых зноў былі журналісты, у тым ліку карэспандэнт «Белсату» Арцём Лява.

Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Што далей?

Узмацненне рэпрэсіяў адбылося напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Яны сустрэнуцца заўтра, 14 верасня, у Пуціна. Сярод пытанняў – інтэграцыя дзвюх краін, «развіццё стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва». Верагодна, падзеі гэтага дня паўплываюць на размову Пуціна і Лукашэнкі.

МГ belsat.eu

Hавiны