Міліцыянты праводзяць «прафілактычныя размовы» на даму


Гэтак, у Магілёве міліцыянты наведалі 17-гадовую дзяўчыну і паразмаўлялі наконт яе ўдзелу ў «маўклівых акцыях».

У пятніцу, 24 чэрвеня, да няпоўнагадовай Анастасіі Валавіковай прыйшлі ўчастковыя міліцыянты разам з працаўніком аблвыканкаму ў справах няпоўнагадовых. Яны пагутарылі з дзяўчынай і ейнай маці. Анастасію папярэдзілі, што ў яе могуць узнікнуць праблемы з паступленнем з-за ўдзелу ў маўклівых акцыях пратэсту.

«Мне сказалі, што ў мяне могуць быць праблемы пры паступленні. Потым яны паказалі запісы з сеткі «ВКонтакте», сказалі, што супраць мяне могуць быць тры артыкулы: арганізацыя масавых беспарадкаў, распаўсюджванне ўлётак і ўдзел у гэтых масавых беспарадках», – распавяла Анастасія Валавікова. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, яе могуць аштрафаваць ці пазбавіць волі на тэрмін да трох гадоў.

«Больш хадзіць на акцыі не буду, бо даходзяць чуткі, што будуць затрыманні», – кажа дзяўчына.

Міліцыянты таксама цікавіліся, адкуль у Анастасіі кніга Уладзіміра Някляева, пыталіся, ці ёсць дыскі з ягонымі песнямі, шалікі, задавалі пытанні пра «Антифа».

Анастасія адзначыла, што не звярталася да мясцовых праваабаронцаў адносна «прафілактычнай гутаркі». «Мне і так усё растлумачылі. Ніякую арганізатарскую дзейнасць мне не могуць прыпісаць, і з улёткамі я не была злоўленая», – сказала яна.

belsat.eu

Стужка навінаў