Літва ратыфікавала малы памежны рух з Беларуссю


Літоўскі Сейм ратыфікаваў пагадненне аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторыяў Беларусі ды Літвы, падпісанае яшчэ летась у кастрычніку. Пагадненне дазваляе жыхарам прымежных тэрыторыяў Беларусі ды Літвы перасякаць дзяржаўную мяжу гэтых краінаў з адмысловымі дазволамі, якія даюць права на знаходжанне на абмежаванай тэрыторыі суседняй краіны не больш за 90 дзён на шэсць месяцаў.

«Сапраўдныя цягам пяці гадоў дазволы будуць выдавацца сталым жыхарам прымежных тэрыторыяў, у якіх у суседняй краіне ёсць сваякі, эканамічныя, гандлёвыя, культурныя сувязі або іншыя важныя прычыны для наведвання суседняй краіны», – адзначаецца ў тлумачальным лісце. Кошт дазволу будзе складаць 20 еўраў.

Права на працаўладкаванне такі дазвол не дае. Як паведаміў міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, гэтае пагадненне не для гандлю, а для наведвання сваякоў, касцёлаў і могілак.

Пагадненне аб малым памежным руху распаўсюджваецца на жыхароў Вільні, Ігналіны, Варэны, Друскінінкаю з літоўскага боку і Горадні, Ліды, Ашмянаў – з беларускага.

belsat.eu

Стужка навінаў