НІСЭПД: рэйтынг Лукашэнкі ніжэйшы за 30 %


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) апублікаваў вынікі нацыянальнага апытання. Паводле даследавання, “упершыню за шмат гадоў колькасць тых, хто не давярае прэзідэнту, нашмат перавысіла колькасць тых, хто давярае: 53,8 % супраць 35,7 %”. Таксама ў дакуменце пазначана, што “колькасць гатовых зноў прагаласаваць за яго на прэзідэнцкіх выбарах упершыню ад сакавіка 2003 г. апусцілася ніжэй за 30 % і склала 29,3 %”.

Колькасць тых, каго “за апошнія тры гады крыўдзілі прадстаўнікі органаў улады”, за паўгода вырасла на 4 % і дасягнула 33,7 %, а тых, хто хутчэй ці дакладна не “адчувае сябе абароненым ад магчымага самавольства з боку ўладаў, міліцыі, ДАІ, падатковай службы, судоў, іншых дзяржаўных структураў”, – на 8 % і дасягнула 56,9 %.

Калі тры месяцы таму колькасць тых, хто лічыў, што “перамога А. Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах яшчэ больш з’яднала беларускае грамадства”, перавышала колькасць тых, хто сказаў, што “яшчэ больш раскалола” (40,9 % супраць 38,7 %), то сёння гэтыя суадносіны сталі адваротнымі – 31,5 % супраць 44,9 %. Больш як палова апытаных (52,5 %) сёння лічыць, што Лукашэнка найперш абапіраецца “на вайскоўцаў, МУС, КДБ”.

Пра найважнейшыя задачы, якім “прэзідэнт апошні час даваў рады”, колькасць тых, што адказалі “непаспяхова”, перавышае колькасць тых, што сказалі “паспяхова” (у тым ліку “пад’ём эканомікі, рост дабрабыту” – 75,7 % супраць 15,8 %, “падтрыманне стабільнасці ў грамадстве” – 60,4 % супраць 29,6 %, “барацьба з карупцыяй” – 49,4 % супраць 35,4 %).

Эксперты адзначаюць сувязь “палітычнага самаадчування” насельніцтва (то бок, дачыненняў людзей з уладамі) ды “эканамічнага самаадчування”. Колькасць рэспандэнтаў, што кажуць пра пагаршэнне свайго матэрыяльнага стану, за апошнія тры месяцы вырасла з 26,9 % да 73,4 %. Пры гэтым 38,3 % сказалі, што “рост коштаў на харчы, прамысловыя тавары, жыллё, адукацыю, медычныя ды іншыя паслугі адбіваецца сур’ёзна на іхным жыцці ды выклікае трывогу”, а ў 34,3 % гэта выклікае “сапраўдны шок”. 81,5 % лічаць, што “беларуская эканоміка ў крызісе”, прычым віну за гэта ўскладаюць найперш на прэзідэнта (44,5 %) і ўрад (36,7 %), а не на сусветны крызіс (27 %) або спекулянтаў (16,6 %).

Поўны тэкст вынікаў даступны праз спасылку: http://www.iiseps.org/press15.html.

belsat.eu

Стужка навінаў