Расейскія камуністы: Расея шантажуе Беларусь


Дэпутаты парламенцкай фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі (КПРФ) патрабуюць паставіць на парадак дня Дзяржумы пытанне аб дачыненнях з Беларуссю. пра гэта заявіў, выступаючы ранкам 28 чэрвеня ў Дзярждуме, дэпутат-камуніст Анатоль Локаць.

Падставаю для такой прапановы стала рашэнне “Интер РАО ЕЭС” спыніць экспарт электраэнергіі ў Беларусь у ноч на 29 чэрвеня. На думку КПРФ, гэтае рашэнне мае палітычную падкладку. Паводле Локця, кампанія “Интер РАО” прыняла такое рашэнне ў дні, “не самыя спрыяльныя для Беларусі”, калі краіна адзначае жалобны дзень – 70-годдзе ад пачатку вайны. “Гэтым мы далучаемся да шэрагу дзяржаваў, што вядуць эканамічны і палітычны шантаж Беларусі”, – цытуе дэпутата РІА “Новости”. Сярод такіх дзяржаваў ён назваў ЗША і краіны Еўропы.

Локаць заявіў, што КПРФ патрабуе спыніць “эканамічны і палітычны шантаж” Беларусі ў інтарэсах расейскіх алігархаў і заходніх краінаў, якія “патрабуюць сёння абясцэньвання прадпрыемстваў уласнасці Беларусі, правядзення прыватызацыі ды згортвання ўсіх сацыяльных праграмаў”.

У сваю чаргу кіраўнік камітэту Дзярждумы ў энергетыцы Юрый Ліпатаў, прадстаўнік “Адзінай Расеі”, заявіў, што ніякай палітычнай падкладкі ў рашэнні “Интер РАО ЕЭС” няма. “Интер РАО” – камерцыйная структура, яе задача – прадаваць прадукт. Праз даўгі Беларусі падаюць фінансавыя абарачэнні кампаніі, любое непаступленне сродкаў ускладняе працу. Не думаю, што патрабаванні атрымаць сродкі “Інтер РАО” маюць палітычную падкладку”, – сказаў Ліпатаў.

Ён звярнуў увагу на тое, што папярэджанне “Інтер РАО” – гэта “апошняе кітайскае папярэджанне”, але адкладанне тэрміну выплаты доўгу “не можа цягнуцца бясконца, такога не бывае”.

Запазычанасць Беларусі на 1,5 млрд расейскіх рублёў узнікла праз крызіс на валютным рынку краіны і, у прыватнасці, праблемы з набываннем валюты для разліку з пастаўніком.

23 чэрвеня прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што Беларусь цалкам разлічыцца за атрыманую электраэнергію да 28 чэрвеня, аднак плацеж не паступіў.

Афіцыйных каментароў з беларускага боку пакуль няма.

belsat.eu

Стужка навінаў