Аўстралійскі фастфуд прыходзіць у Беларусь


Найбліжэйшымі гадамі ў краіне пачнуць працу 200 рэстарацыяў хуткага харчавання, якія створаць сур’ёзную канкурэнцыю “МакДоналдсу”.

З дзелавым візітам Менск наведаў выканаўчы дырэктар кампаніі “Muzz Buzz Franchising” Ўорэн Рэйналдс. Сусветна вядомая кампанія мае намер пабудаваць сетку рэстарацыяў хуткага харчавання, выкарыстоўваючы пры гэтым беларускія рэсурсы: будматэрыялы, тэхналагічнае абсталяванне, прадукты харчавання. Дзякуючы гэтай ініцыятыве будзе створана некалькі тысяч працоўных месцаў.

У размове са старшынём Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Васілём Раманавым Рэйналдс распавёў пра свае планы выхаду на беларускі рынак, а таксама акрэсліў магчымасці двухбаковага навучання кіраўнікоў кампаніяў у межах аўстралійскай дзяржаўнай праграмы абмену адмыслоўцамі. “Я хацеў бы зрабіць акцэнт не толькі на важнасці такога абмену ў эканамічным плане, але і ў культурным. Лічу, што культурныя каштоўнасці ў нашых краінах надта падобныя”, – адзначыў аўстралійскі бізнесовец.

Бізнес-аналітык Вадзім Сехановіч мяркуе, што паводле шматлікіх параметраў менавіта заходніх бізнес-стандартаў рэстарацыі – гэта самая “жывая” галіна ў беларускай эканоміцы, якая можа надаць адміністрацыйнай грымасе нашай сістэмы хоць нейкі цывілізаваны выгляд. Дадатковую дынаміку рэстараннаму рынку надае ўвага да гэтай сферы замежных інвестараў. Так, у топ-10 самых паспяховых рэстаранных бізнесаў у Беларусі першыя тры месцы займаюць кампаніі з Расеі ды Літвы. Так што ў гэтай справы наперадзе росквіт у плане інвестыцыяў”.

belsat.eu

Стужка навінаў