Расея: апазіцыйную партыю не рэгіструюць


Каля двух тысячаў чалавек сабраліся у суботу на Пушкінскай плошчы ў цэнтры Масквы, каб пратэставаць супраць адмовы расейскага Міністэрства юстыцыі рэгістраваць апазіцыйную Партыю народнай свабоды (“Парнас”).

Лідары антыкрамлёўскай апазіцыі назвалі гэтае рашэнне парушэннем Канстытуцыі ды злачынствам супраць грамадзянаў Расеі. “Усе кажуць, што ўлада звар’яцела. Чаму гэтыя людзі ва ўладзе нас гэтак баяцца? Бо мы нясем праўду, і бо яны ведаюць – як толькі мы атрымаем магчымасць уплываць на сітуацыю ў краіне, то распачнем барацьбу з карупцыяй ды высушым гэтую дрыгву”, – заявіў на мітынгу экс-прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў.

Прыхільнікі апазіцыі прыйшлі на мітынг з лозунгамі “Расея без Пуціна” ды “Спыніць карупцыю”. Партыю народнай свабоды сфармавалі паўгода таму – расейская дэмакратычная апазіцыя намагаецца такім чынам аб’яднацца перад прэзідэнцкімі выбарамі-2012. Палітык Барыс Нямцоў заявіў, што дзейныя ўлады баяцца аб’яднання і легалізацыі апазіцыі. “Яны кажуць, што нас ніхто не падтрымлівае і што наш рэйтынг – каля 0 %. Дарагія сябры, калі мы маем нулявы рэйтынг, калі нас ніхто не падтрымлівае, чаму вы (улады. – belsat.eu) баіцеся рэгістраваць нас?” – задаецца пытаннем палітык.

Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў пакуль адмаўляюцца казаць, хто з іх будзе балатавацца на бліжэйшых выбарах на пасаду прэзідэнта. Эксперты не выключаюць, што гэта можа быць Уладзімір Пуцін, што цяпер актыўна працуе над стварэннем новых падкантрольных яму палітычных рухаў.

belsat.eu

Стужка навінаў