Прысуды ў сіле


Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле выракі фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. Паўлу Вінаградаву, Алесю Кіркевічу, Дзмітрыю Дразду, Аляксандру Пратасеню і Уладзіміру Хамічэнку.

Судовая калегія раілася больш за гадзіну і ў выніку адхіліла ўсе касацыйныя скаргі.

На судзе прысутнічалі прадстаўнікі АБСЕ, і праваабаронцы лічаць, што, магчыма, у звязку з гэтым суддзі радзіліся так доўга. Такога ж меркавання прытрымліваецца і бацька аднаго з асуджаных Юрый Вінаградаў. Паводле яго, адвакаты выглядалі пераканаўча, «прывялі шмат аргументаў на карысць таго, што іхныя падапечныя не вінаватыя, акцэнтавалі ўвагу на тым, што масавых беспарадкаў не было; потым выступіў пракурор Мельнік – гэта была абсалютна невыразная прамова, пасля чаго суд пайшоў раіцца». «Рашэнне было чаканым – пакінуць прыгавор у сіле», – дадаў мужчына.

Выракі пяці фігурантам былі вынесеныя 5 траўня суддзёю суда Кастрычніцкага раёну Менску Алаю Булаш. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»).

Паўла Вінаградава і Алеся Кіркевіча прыгаварылі да пазбаўлення волі на чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Аляксандра Пратасеню, Дзмітрыя Дразда і Уладзіміра Хамічэнку – да пазбаўлення волі на тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, Хамічэнку прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму ў месцах адбывання пакарання.

belsat.eu

Стужка навінаў