Яраслаў Раманчук: нам нельга цягнуць з рэформамі


Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Яраслаў Раманчук распавёў у інтэрв’ю БелаПАНу, якой мусіць быць прыватызацыя ў Беларусі ды якім чынам рэфармаваць эканоміку.

“Нам патрэбны паўнавартасны комплекс рэформаў, – лічыць Раманчук, – у галіне грашова-крэдытнай, бюджэтна-падатковай палітыкі, вонкавага гандлю, прыватызацыі. Рашэнне ў эканамічнай сферы мусяць прымаць кампаніі ў межах сваіх грошай, бюджэтаў, а не чыноўнікі. У сітуацыі, калі больш за палову сукупнага ўнутранага прадукту размяркоўваецца дзяржаваю, калі адміністрацыйная нагрузка складае каля 15% ад выручкі прадпрыемстваў, спадзявацца на тое, што сітуацыю ў эканоміцы можна выправіць выключна дырэктыўнымі метадамі, гэта наіўнасць. Чым далей мы будзем зацягваць з рэформамі, тым горшай будзе рабіцца сітуацыя”.

Паводле Яраслава Раманчука, прыватызацыя ў краіне мусіць праводзіцца ў некалькіх асноўных кірунках. Адным з іх ён называе продаж арандатарам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, арандаваных памяшканняў па рэшткавым кошце. Гэта дазволіць ім умацаваць уласны бізнес і прывядзе да адкрыцця новых бізнесаў.

Малыя і сярэднія прадпрыемствы грамадзяне мусяць набываць на адкрытым аўкцыёне, лічыць Раманчук. “Што да буйных прадпрыемстваў, – гаворыць прэтэндэнт, – то яны павінны прадавацца на падставе індывідуальнага конкурсу і паводле наступнай схемы: кантрольны пакет – для стратэгічнага інвестара, 25% акцыяў – пенсійнаму фонду, 10% – працаўнікам прадпрыемстваў. Такі наш сцэнар”.

belsat.eu

Стужка навінаў