Падчас акцыяў “маўклівых” пацярпелі 19 журналістаў


Грамадская аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запатрабавала ад главы МУС Анатоля Куляшова правесці службовае разбіральніцтва дзеянняў ягоных падначаленых.

Падчас “маўклівай” акцыі пратэсту, што прайшла ў гарадах Беларусі 22 чэрвеня, ад дзеянняў міліцыянтаў па розных ацэнках пацярпелі да 19 журналістаў. “Прадстаўнікам медыяў у чарговы раз груба і наўмысна перашкаджалі асвятляць акцыю, то бок выконваць іх прафесійныя абавязкі. Журналістаў затрымлівалі, псавалі апаратуру, закрывалі фота і відэааб’ектывы, прымушалі выдаліць зробленыя кадры”, — пералічвае шматлікія парушэнні сілавікоў намеснік старшыні ГА “БАЖ” юрыст Андрэй Бастунец.

ГА “БАЖ” нагадвае міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову, што такімі дзеяннямі ягоныя падначаленыя парушаюць нормы беларускага заканадаўства і канстытуцыю краіны. “Мы лічым, што МУС павінен папрасіць прабачэння ў пацярпелых рэпарцёраў, а міністр яшчэ раз патлумачыць сваім супрацоўнікам, што журналісты падчас масавых акцыяў, як і супрацоўнікі міліцыі, выконваюць свае прафесійныя абавязкі”, — зазначае Андрэй Бастунец.

Па словах прадстаўніка “БАЖ”, перапіска арганізацыі з МУС наконт абароны правоў журналістаў ідзе ўжо некалькі год. І на кожны свой запыт яны атрымліваюць фактычна адпіскі: “Самы дзіўны выпадак быў у 2009 годзе. Тады БАЖ звяртаўся ў МУС і пракуратуру па фактах грубага абыходжання з журналістамі падчас восеньскіх вулічных акцый. Адказу ад міліцэйскага ведамства мы так і не атрымалі. Хоць нас і пераконвалі, што мусіць яго згубіла пошта, але выдаць копію адмовілісь”.

Андрэй Бастунец зазначае, што калі падобная гісторыя паўтарыцца і гэтым разам, арганізацыя будзе абскарджваць дзеянні МУС у судзе.

belsat.eu

Стужка навінаў