У рэанімацыі памёр трэці пацярпелы ад выбуху на "Пінскдрэве"


Ноччу ў рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай больніцы памёр 39-гадовы мужчына, які пацярпеў падчас выбуху на заводзе “Пінскдрэў-ДСП”. Гэта ўжо трэцяя гібель у выніку ўчарашняга надзвычайнага здарэння.

Як паведаміў БелаПАНу намеснік галоўнага доктара Пінскай цэнтральнай больніцы Андрэй Навумчык, усяго ў клініку трапілі 19 траўмаваных працаўнікоў гэтага прадпрыемства: дзве жанчыны і 17 мужчынаў. Брыгадамі хуткай дапамогі прывезлі 18 чалавек, з іх 15 змясцілі ў рэанімацыю. Увечары ў больніцу звярнулася яшчэ адна працаўніца прадпрыемства – 1955 года нараджэння. Жанчыну шпіталізавала нейрахірургічнае аддзяленне, ейны стан медыкі ацэньваюць як здавальняльны.

Паводле намесніка галоўнага доктара, мінулаю ноччу 5 пацярпелых перавезлі ў Берасцейскую абласную больніцу, яшчэ 7 – у апёкавае аддзяленне Больніцы хуткай медычнай дапамогі Менску.

У Пінскай цэнтральнай больніцы застаюцца 6 пацярпелых у выніку выбуху і пажару.

Два чалавекі ў рэанімацыі – гэта мужчыны 1978 і 1985 гадоў нараджэння, якія атрымалі моцныя апёкі. Іхны стан ацэньваецца як цяжкі.

Яшчэ два мужчыны і адна жанчына лечацца ў аддзяленні траўматалогіі – ім дыягназавалі апёкі ды ўдары.

Як паведамлялася раней, інфармацыя пра выбух на заводзе паступіла ратавальнікам 25 кастрычніка а 13:08. Пажар ліквідавалі а 15:14. Каб пагасіць агонь, задзейнічалі больш за 10 пажарных разлікаў. На момант выбуху ў цэху, паводле папярэдніх звестак, былі 29 чалавек.

Пад заваламі ратавальнікі знайшлі целы двух загінулых мужчынаў: аператара аўтаматычных і паўаўтаматычных лініяў 1984 года нараджэння і слесара-рамонтніка 1958 года нараджэння.

Па факце выбуху на заводзе “Пінскдрэў-ДСП” пракуратура Берасцейскай вобласці распачала справу на падставе ч. 2 арт. 302 Крымінальнага кодэксу (парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах ці правілаў бяспекі выбухованебяспечных працаў).

Прычыны выбуху пакуль невядомыя.

belsat.eu

Стужка навінаў