«Пазбавіць пагонаў»


Арганізатары акцыі маўклівага пратэсту заклікалі Аляксандра Лукашэнку адправіць у адстаўку кіраўніка МУС Анатоля Куляшова. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце ад імя арганізатараў.

Як гаворыцца ў звароце, вечарам 22 чэрвеня 2011 г. у цэнтры беларускай сталіцы і шэрагу іншых гарадоў супраць грамадзянаў Беларусі былі кінутыя сілы міліцыі ды спецназу. «Супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія па спецыфіцы сваёй працы мусяць абараняць людзей і перадухіляць канфліктныя сітуацыі, без усялякіх на тое прычынаў гвалтоўным спосабам затрымлівалі людзей і адвозілі іх у РУУС. Калі людзі спрабавалі штосьці растлумачыць ці высветліць прычыну свайго затрымання, да іх прымянялася фізічная сіла. Выступіўшы супраць мірнага насельніцтва, міліцыя і АМАП учынілі анархію», – зазначаецца ў лісце.

«Каб больш не паўтаралася такое бязмежжа, звольніце Куляшова», – гаворыцца ў звароце да Лукашэнкі.

Як паведаміў БелаПАН адзін з ініцыятараў акцыяў пратэсту Вячаслаў Дзіянаў, ніякія спецыяльныя звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, МУС Беларусі ці Генпракуратуру накіроўвацца не будуць. «Дастаткова таго, што наш адкрыты ліст распаўсюдзяць медыі ды сацыяльныя сеткі. Думаю, Лукашэнка прыслухаецца да такога фармату звароту», – сказаў ён.

Учорашняя акцыя маўклівага пратэсту, як і папярэднія, што прайшлі 8 і 15 чэрвеня, была ініцыяваная групай актывістаў у сацыяльных сетках. Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкаю кіраўніцтва краіны. У Менску, паводле розных ацэнак, удзельнікамі акцыі сталі некалькі тысячаў чалавек.

Паводле звестак праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі 22 чэрвеня затрымалі больш за 460 асобаў. Большасць з іх адпусцілі без складання пратаколаў, аднак частка затрыманых у Менску правяла ноч пад вартай і сёння паўстала перад судом. Удзельнікаў акцыі абвінавачваюць у дробным хуліганстве паводле артыкулу 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях і караюць штрафамі.

Праваахоўныя органы да гэтай пары не каментуюць учорашніх падзеяў.

belsat.eu

Стужка навінаў