Плошчы занятыя, Лукашэнка ў Берасцейскай крэпасці


У цэнтрах гарадоў прызначаныя афіцыйныя акцыі, якія маюць перашкодзіць “Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку”.

Афіцыйна па ўсёй краіне 22 чэрвеня адбываюцца акцыі дзеля ўшанавання ахвяраў фашызму – 70 гадоў таму пачалася вайна паміж СССР і Нямеччынаю. Ва ўсіх абласных гарадах раніцаю да вечнага агню, у парках і на цэнтральных плошчах ускладалі кветкі.

Але гэтыя акцыі мелі скончыцца ўдзень. Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай працы Гарадзенскага гарвыканкаму, увечары адбудзецца рэканструкцыя бою, але каля Аўгустоўскага каналу – за горадам. Старшыня аддзелу Сяргей Дубавец так і не змог патлумачыць, ці будзе вольная пляцоўка ў цэнтры на плошчах Савецкай і Леніна. “У такі дзень я прапанаваў бы моладзі не хадзіць па горадзе з незразумелымі мэтамі, а ўшанаваць сваіх продкаў дома – у цішыні ды спакоі. За акцыі ў цэнтры Горадні мы не адказваем, там сёння будзе курыраваць міліцыя”.

У Віцебску ўвечары цэнтральную плошчу зоймуць вайскоўцы і спартоўцы, якія будуць рэпетаваць парад да 1037-годдзя гораду, што святкуецца гэтымі выходнымі. Ужо ранкам міліцыянты паставілі ў цэнтры абмежавальныя турнікеты (гл. фота).

У Палацы Рэспублікі ў Менску абяцаюць баль выпускнікоў-міжнароднікаў. У касе паведамілі, што сёння спецабслугоўванне, таму імпрэзу можна наведаць толькі паводле запрашальнікаў.

Сталічная міліцыя папярэджвае, што будзе ўзмоцнена кантраляваць правапарадак у Менску. Прэсавы сакратар МУС Аляксандр Ластоўскі папярэджвае патэнцыйных удзельнікаў акцыі, што іхнае перабыванне на Плошчы будзе расцэненае як удзел у несанкцыянаванай акцыі. “Як бы недарэчна ні выглядала мэта дэманстрантаў – памаўчаць ці памычаць у натоўпе, гэта можа прывесці да злачынных дзеянняў з іхнага боку. Наступным крокам могуць стаць і канкрэтныя дзеянні, што прыводзяць не толькі да адміністратыўнай, але і крымінальнай адказнасці. І як бы пазней у момант прасвятлення не хацелася ўцячы ад гэтай адказнасці (а апошнім часам такіх прыкладаў хапае), рана ці позна давядзецца спазнаць на практыцы значэнне тэрміну “немінучасць пакарання”, – папярэдзіў Ластоўскі.

Нагадаем, што на прэсавай канферэнцыі для беларускіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў размове з Куляшовым прыгразіў яму: “Яшчэ адна такая акцыя – застанешся без пагонаў”. Сам Лукашэнка сёння з’ехаў з Менску на сустрэчу з ветэранамі ў Берасцейскай крэпасці.

belsat.eu

Стужка навінаў